Рыгор Кастусёў распавёў пра альтэрнатыўныя пляцоўкі для святкавання Дня Волі – 2019


Старшыня Партыі БНФ распавёў пра планы арганізатараў Дня Волі – 2019 у звязку з забаронаю Лукашэнкі праводзіць свята на стадыёне «Дынама».

«Вядома, што ўсе пачулі Лукашэнку, які папярэдзіў кіраўніка Менгарвыканкаму не даваць дазволу на правядзенне свята на стадыёне. Іншай пазіцыі і меркавання, думаю, мы не пачуем. Але пакуль афіцыйнага адказу не было», – распавёў belsat.eu Рыгор Кастусёў.

Паводле палітыка, цяпер арганізатары чакаюць афіцыйнага адказу ад менскіх уладаў і рыхтуюць іншую заяўку.

«Мы будзем прасіць прадставіць іншую пляцоўку ў цэнтры гораду. Нам шмат што падабаецца: і Плошча Свабоды, і пляцоўка ля Палацу спорту, у парку Янкі Купалы, ля Оперы. Можа, некалькі месцаў прапануем. Адназначна, што на Бангалор або іншыя дазволеныя ўладамі пляцоўкі не пойдзем. Бо гэта ганебна».

Калі і гэтыя прапановы не пройдуць, актывісты плануюць «варыянт ікс».

«Адназначна беларусы павінны адсвяткаваць Дзень Волі і 101-ую гадавіну БНР. І ў Менску і ў рэгіёнах. І мы настройваем усіх беларусаў на гэта».

Некалькі тыдняў засталося да 101 гадавіны абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі. Свята, якое збіраюцца адзначаць 24 сакавіка, падтрымала ўжо больш за тры сотні асобаў. На ўрачысты канцэрт ды іншыя імпрэзы да Дня Волі беларусы сабралі 10 тысяч рублёў.

Збор сродкаў ідзе ТУТ!

ДР belsat.eu

Стужка навінаў