«Русь маладая» пераканала Менгарвыканкам дазволіць акцыю «Бессмертный полк»


Менгарвыканкам дазволіў зладзіць у Менску шэсце «Бессмертный полк». Такое рашэнне было прынятае па выніках сустрэчы старшыні гарвыканкаму Андрэя Шорца з лідарам арганізацыі «Русь маладая» (Румол) Сяргеям Лушчом, старшынёй патрыятычнага аб’яднання «Отечество» Леанідам Школьнікавым і экс-дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерам Драка.

Пра гэта распавёў belsat.eu Сяргей Лушч.

Збор удзельнікаў акцыі адбудзецца з 9 да 10 гадзінаў каля філармоніі (пл. Якуба Коласа), пасля чаго яны пройдуць шэсцем да плошчы Перамогі, дзе далучацца да дзяржаўнай акцыі «Беларусь памятае».

Аб’ява арганізатараў акцыі ў іх суполкі ў ВК

Нагадаем, учора арганізатары акцыі «Бессмертный полк» у Менску распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што яны не атрымалі дазволу на правядзенне шэсця ад гарадскіх уладаў. У сваёй адмысловай заяве арганізатары абвінавацілі Менгарвыканкам у «падрыве ідэалагічных падмуркаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі», «нацыяналізме» і падтрымцы калабарантаў.

Арганізатары, якія аб’ядналіся ў Каардынацыйны Савет лева-патрыятычных сілаў «Единство», звярнуліся да кіраўніка Беларусі з просьбаю «падтрымаць правядзенне міжнароднай акцыі «Бессмертный полк», вырашыўшы гэтае пытанне ў пільным парадку».

«Бессмертный полк» – міжнародная грамадская акцыя, якая праводзіцца 9 траўня ў 80 краінах свету. Падчас акцыі ўдзельнікі ідуць калонай і нясуць партрэты жаўнераў, якія ваявалі на баку СССР падчас Другой сусветнай вайны. Акцыя афіцыйна падтрымліваецца і праводзіцца расейскімі уладамі, у 2015 годзе ў шэсці ў Маскве браў удзел прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў