Румынія не пусціла расейскія танкі ў Сербію


Расейскія танкі Т72-Б3. Ілюстрацыйнае фота – Sergei Bobylev/TASS/Forum

Бухарэст заблакаваў транзіт расейскай вайсковай тэхнікі ў Сербію праз санкцыі Еўразвязу, уведзеныя ў адказ на расейскую агрэсію ва Украіне. Гэтую інфармацыю румынскаму сайту «Mediafax» пацвердзілі ў міністэрстве замежных спраў Румыніі.

Румынскія ўлады адмовіліся выдаць ліцэнзію на транспарт вайсковай тэхнікі па Дунаі яшчэ на пачатку тыдня. Румынскія дыпламаты патлумачылі, што для выдачы такой ліцэнзіі патрэбна, між іншага, каб перавоз грузу не адпавядаў наўпрост ці ўскосна інтарэсам фізічных або юрыдычных асобаў з Расеі.

Гэтае патрабаванне не было выканана, падкрэслілі ў румынскім МЗС.

Сербія выказала пратэст і звінаваціла Румынію ў парушэнні палажэнняў Дунайскай навігацыйнай канвенцыі.

МЗС Расеі распавяло «Інтэрфаксу», што не адпраўляла зброю ў Сербію па Дунаі.

«Усе заявы аб падобных пастаўках і нібыта затрыманні румынскім бокам расейскага транспарту з бронетранспарцёрамі – абсалютная хлусня, – заявілі расейскія дыпламаты. – Усе пастаўкі былі праведзеныя ў строгай адпаведнасці з умовамі кантракту і ўва ўзгодненыя бакамі тэрміны».

Расея павінная была паставіць у Сербію пасля мадэрнізацыі 30 танкаў Т-72Б3 і 30 бронемашын БРДМ-2, а таксама чатыры верталёты Мі-17 і Мі-35, адзначае радыё «Рацыя».

Урэшце тэхніку даставілі ў Бялград самалётамі.

  • У ліпені 2017-га Румынія не прапусціла праз сваю тэрыторыю самалёт віцэ-прэм’ера Расеі Дзмітрыя Рагозіна, які ляцеў з Масквы ў Кішынэў. Супраць чыноўніка дзейнічаюць санкцыі ЗША і Еўразвязу ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны. У выніку самалёт Рагозіна мусіў развярнуцца і сесці ў Менску.
  • Захад увёў санкцыі супраць Расеі пасля захопу ёй Крыму ў сакавіку 2014 года і падтрыманнем сепаратыстаў на ўсходзе Украіны.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў