Румас пагутарыў з Мядзведзевым пасля ягонай адстаўкі з пасады прэм'ер-міністра


Адбылася тэлефонная размова прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з намеснікам старшыні Савету бяспекі Расеі, экс-прэмʼерам Дзмітрыем Мядзведзевым. Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага ўраду.

Як вынікае з інфармацыі прэс-службы, размова нібыта не мела дзелавога зместу: прынамсі пра абмеркаванне палітычных або эканамічных пытанняў нічога не паведамляецца. Румас проста падзякаваў Мядзведзеву за сумесную працу, пажадаў былому калегі здароўя і поспехаў на новай пасадзе.

«У ходзе размовы Сяргей Румас падзякаваў Дзмітрыя Мядзведзева за сумесную плённую працу на пасадзе старшыні ўрада Расейскай Федэрацыі, а таксама адзначыў, што высока цэніць яго асабісты ўклад у развіццё беларуска-расейскага ўзаемадзеяння і пашырэнне інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюзу», – паведамілі ў прэс-службе.

Румас адзначыў «кіраўнічы талент і палітычную дальнабачнасць» Мядзведзева, якія мусяць і далей служыць «умацаванню разумення і даверу паміж нашымі брацкімі народамі».

«Сяргей Румас ад усёй душы пажадаў Дзмітрыю Мядзведзеву моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў на новым адказнай дзяржаўнай пасадзе».

Нагадаем, 15 студзеня ўрад Дзмітрыя Мядзведзева падаў у адстаўку. 16 студзеня Пуцін падпісаў указ аб прызначэнні экс-прэм’ера намеснікам старшыні Савету бяспекі.

Новым прэм’ер-міністрам РФ быў прызначаны Міхаіл Мішусцін.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў