Румас: «Магчымасці для супрацы Беларусі і Вялікабрытаніі пасля Brexit будуць узрастаць»


Прэм’ер-міністр Беларусі Сягей Румас заявіў пра гэта 21 лістапада падчас сустрэчы ў Лондане з чальцом брытанскай каралеўскай сямʼі прынцам Майклам Кенцкім, перадае БелТА.

«Вялікабрытанія ўзяла курс на выхад з Еўразвязу, і ў рамках праекту «Глабальная Брытанія» мы бачым, што нашы магчымасці супрацы па розных напрамках будуць толькі ўзрастаць», – адзначыў Сяргей Румас.

Прэмʼер-міністр звярнуў увагу, што двухбаковая супраца складваецца вельмі добра: развіваюцца эканамічныя, палітычныя, гуманітарныя, вайсковыя сувязі. Пры гэтым ніякіх падрабязнасцяў пра праекты ў згаданых сферах афіцыйна не агучвалася.

22 лістапада ў Лондане беларуская дэлегацыя возьме ўдзел у інвестыцыйным форуме «Усходняга партнёрства».

«Для нас вельмі важны эканамічны складнік «Усходняга партнёрства». Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, такімі як ЕБРР, Еўрапейскі інвестыцыйны банк, і заўтра разлічваем падпісаць шматмільённыя пагадненні», – дадаў Румас.

КА belsat.eu

Стужка навінаў