Рамашэўская-Гузы – тэлевізіі «Эспрэсо»: Тэзіс пра абсалютны хаос ува Украіне распаўсюджвае Крэмль

Інфармацыя аб супрацы Аркадзя Бабчанкі з СБУ стала ў Еўропе больш рэзананснай, чымся факт замовы Расеяй забойства журналіста. Таму пад крытыку трапіў Кіеў, а не Масква, тлумачыць дырэктарка «Белсату».

У эфіры праграмы «Студыя Захад» Агнешка Рамашэўская-Гузы распавяла, як перадухіленне Службай бяспекі Украіны забойства Бабчанкі стала інструментам расейскай дэзынфармацыі і прапаганды.

Антон Баркоўскі: Справа Бабчанкі выклікала нечаканы рэзананс. З іншага боку назіраем, што Расейскай Федэрацыі ўдаецца складаная рэч – яны уключылі спробу забойства Бабчанкі ў спрэчкі паміж украінцамі.

Агнешка Рамашэўская-Гузы: Сыходзячы з польскага досведу я адчувала, што будуць праблемы. А чаму з польскага досведу? Добра памятаю антыкарупцыйную аперацыю ў Польшчы шмат гадоў таму, якую правялі чыста, прыгожа і вельмі празрыста.

На жаль, калі ў пэўны момант пра яе распавялі грамадскасці, выйшла так, што інфармацыя аб значэнні справы дэфармавалася. Замест таго, каб сканцэнтравацца на сутнасці праблемы, увесь сэнс перасунуўся ў бок палітыкі. Гэта мне нагадвае гісторыю Бабчанкі.

З іншага боку Украіна адчула, як дзейнічае крамлёўская прапаганда. Так або інакш яна спрабуе завуаляваць галоўную праблему – спісы людзей, забойства якіх замовіў Крэмль. Іншая справа – фальшывы «спіс 47 украінцаў».

Усе аперацыі спецслужбаў звязаныя з дэзынфармацыяй. Трэба звяртаць увагу на тое, што фальшывыя звесткі падаюцца праз медыі. У сувязі з гэтым, калі прымаеш адну порцыю інфармацыю, адкрываешся на іншыя. І што зробяць расейцы? Пададуць мноства непраўдзівай інфармацыі. Што зробяць паплечнікі абвінавачанага? Пададуць пра яго масу дэзынфармацыі. Ужо з’явілася інфармацыя, што ён – агент контрвыведкі, ён ужо распавядаў падобныя дзіўныя рэчы. Усё гэта прывядзе да поўнага хаосу – каб ніхто нічога не ведаў. Адначасова журналісты будуць казаць: «Дайце нам факты! Як гэта – было 30, а цяпер – 47? Чаму мы нічога не ведаем?». І гэтак далей.

Сам Аркадзь Бабчанка вельмі слушна заўважыў у «Фэйсбуку»: «Прашу прабачэння, але аперацыя напэўна яшчэ трывае. Таму нельга распавядаць Сашы і Машы аб усім, што было».

Сваім калегам-журналістам скажу яшчэ адну рэч. Журналісты не могуць супрацоўнічаць са спецслужбамі – але ў звычайных сітуацыях. Я супраць, калі журналіст збірае інфармацыю для сябе і адначасова для спецслужбаў. Такога быць не можа. Зусім інакш, калі ты даведваешся, што твайму жыццю нешта пагражае. Прабачце, але гэта не Гестапа. Гэта служба бяспекі незалежнай дзяржавы, якая б яна не была і як б кепска гэтай краінай не кіравалі. Гэта фундаментальная розніца.

З іншага боку, мы ведаем, што крытыка ўкраінскіх спецслужбаў праз прызму справы Бабчанкі больш гучная, чымся асуджэнне Расеі за пераслед журналістаў і вайну на ўсходзе Украіны.

Мне падаецца, што з гэтага пункту гледжання некалькі журналісцкіх арганізацыяў маюць не чыстае сумленне. Памятаю, як мы спрабавалі зацікавіць гэтыя арганізацыі лёсамі журналістаў яшчэ падчас анексіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе. Тады было шмат выпадкаў выкраданняў сепаратыстамі журналістаў і аператараў. Тэлефанавала ім і пісала, спрабуючы ўплываць на сітуацыю. І спачатку не разумела гэтых людзей, мяркуючы, што, магчыма, лісты губляюцца і таму яны не адказваюць. Вельмі дзіўная сітуацыя. Адносіны гэтых людзей [да агрэсіі Расеі ўва Украіне] – вельмі сумнеўны. Пра гэта не заўсёды памятаюць украінскія журналісты, якія глядзяць на Захад і могуць думаць: там так добра, і калі там так гавораць, то, напэўна, маюць рацыю.

Трэба памятаць таксама, што з пункту гледжання расейскай прапаганды і дэзынфармацыі ёсць яшчэ важная справа – сімпатыі да Пуціна. Быць за Пуціна – непрыгожа, але заўсёды можна быць супраць Украіны. Антыўкраінскім можна быць заўсёды. Таму заўсёды трэба крытычна слухаць тое, што кажуць.

Зноў прывяду польскі прыклад. Калі кажуць, што Польшча – другая Беларусь, і што тут пануе Пуцін, нельга верыць такой журналістыцы. На Захадзе кажуць, што Польшчай кіруе Пуцін, але гэта ідыятызм. І так на гэта трэба глядзець.

Некаторыя заходнія медыі параўноўваюць Украіну калі не з Самалі, то з Паўднёвым Суданам. У сваю чаргу Польшчу параўноўваюць з Веймарскай Нямеччынай 1932 года. Мы ведаем, што гэта няпраўда, але прадстаўнікі заходняй медыясупольнасці ўсё роўна эксплуатуюць гэтую тэму.

Вельмі важны элемент кожнай такой сітуацыі – мода. Калі ўдаецца нешта зрабіць модным, то пэўная лічба асобаў будзе пра гэта казаць. Не важна, праўда гэта ці не, але гэта модна – таму мы пра гэта кажам.

У такіх сітуацыях расейскія спецслужбы могуць лёгка дзейнічаць: дастаткова ўкінуць нешта ў дыскурс, і гэта пачынае жыць уласным жыццём. Кожны не можа быць агентам Крамля, гэта глупства. У Крамля няма столькі агентаў. Але ёсць умовы, у якіх рознага кшталту агентам дзейнічаць прасцей.

Мяркую, яны могуць актыўна дзейнічаць пад прыкрыццём розных заходніх фондаў. Трэба памятаць, што існуюць схемы стварэння моды, якая дыктуе пэўнае агульнае ўражанне, якога потым цяжка пазбавіцца.

Возьмем польскі прыклад падыходу да справы Бабчанкі. Спачатку ўсе абурыліся, а потым пачалі казаць, што гэта было нячыста, што гэта аперацыя СБУ. Людзі задумаліся пра гэта. Я напісала тэкст, каб яны ачомаліся.

Людзі, прачніцеся на хвілінку! Што вы робіце? Канцэпцыя «хаосу ўва Украіне» – адна з ідэяў крамлёўскай прапаганды. А гэтая зброя – вельмі эфектыўная, часам больш эфектыўная, чымся гарматы.

Канешне, Украіна таксама дыскрэдытуе сябе, бо кожная дзяржава можа рабіць памылкі.

30 траўня 2018 года. Кіраўнік СБУ Васіль Грыцак і журналіст Аркадзь Бабчанка на прэсавай канферэнцыі, дзе распавялі пра пасярэдніка, які наняў кілера. Фота – Valentyn Ogirenko/Reuters

Інфармацыя пра забойства Аркадзя Бабчанкі ў ягонай кіеўскай кватэры з’явілася ўвечары 29 траўня. На наступны дзень, спачуванне і абурэнне выказалі еўрапейскія палітычныя і журналісцкія арганізацыі. Украінская паліцыя паведаміла пра тое, што забойства здзейсніў прафесійны кілер. Служба бяспекі Украіны заявіла, што забойства замовілі расейскія спецслужбы – вядомы расейскі журналіст пастаянна крытыкаваў экспансіўную і брутальную палітыку Пуціна.

30 траўня стала вядома, што забойства інсцэнізавалі СБУ ў межах аперацыі па ліквідацыі расейскіх кілераў. Супрацу журналіста са спецслужбамі заходнія журналісцкія арганізацыі назвалі «неэтычнай».

ПЯ/ДД

Hавiны