Reuters: Польшча 19 красавіка паслабіць уведзеныя праз каронавірус абмежаванні


Надпіс з заклікам заставацца дома на вуліцах польскага гораду Отвоцк.
Фота: Mateusz Wlodarczyk / Forum

Польшча з 19 красавіка паступова аслабіць абмежавальныя захады, уведзеныя для стрымлівання каронавіруса, паведамляе Reuters.

У Польшчы, паводле звестак Міністэрства здароўя, зарэгістравана 7049 пацверджаных выпадкаў каронавіруса і 251 смерць.

«Мы будзем павольна размарожваць эканоміку з 19 красавіка. Мяркую, гэта добрая навіна, калі паглядзець на кошт гэтай ізаляцыі», – сказаў міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі ў інтэрв’ю радыёстанцыі RMF FM.

У той жа час ён падкрэсліў, што цяперашняя сацыяльная ізаляцыя эфектыўная, і «калі б не яна, мелі б сёння дзясяткі тысячаў хворых».

Хутчэй за ўсё, у першую чаргу будуць знятыя абмежаванні ў дачыненні крамаў. Пра гэта прэс-сакратар польскага ўраду Пётр Мюлер заявіў Польскаму радыё. Мюлер паведаміў, што рашэнне аб зняцці абмежаванняў урад будзе прымаць у сераду ці чацвер.

На мінулым тыдні ўлады Польшчы падоўжылі закрыццё школаў да 26 красавіка. Межы Польшчы застануцца закрытыя да 3 траўня.

Чакаецца, што галасаванне на выбарах прэзідэнта 10 траўня ў Польшчы адбудзецца праз пошту, каб скараціць рызыкі, звязаныя з COVID-19. Еўракамісар у пытаннях юстыцыі Вера Ёўрава раскрытыкавала намер уладаў Польшчы правесці галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у краіне праз пошту.

АР belsat.eu

Стужка навінаў