Спачатку здаецца, што гэта сацыяльная драма. Рэцэнзія на стужку «Джокер»

Чаму галоўны прыз Венецыянскага фестывалю прысудзілі гэтаму фільму? А таму, што ён не просты. На кожным кроку там можна праваліцца скрозь вонкавы сэнс і намацаць другое дно. Гэткі перакрут.

Комікс да фільму «Джокер»

Спачатку здаецца, што «Джокер» – гэта сацыяльная драма… Аднак яна хутка з’язджае на рэйкі трылера. Затым гледачам мроіцца прывід рэвалюцыі ў горадзе Готам. Але аўтары лёгка перамыкаюць увагу гледача на псіхіятрычную лякарню.

Прыз у Венецыі.
Фота: straitstimes.com

Дзіўна тое, што рэжысёр Тод Філіпс раней здымаў тыповыя амерыканскія камедыі накшталт некалькіх «Хлапечнікаў». А тое, што адбываецца ў «Джокеры», зусім не забаўляе.

Адмоўная рэцэнзія

На думку гледача, які прыйшоў глядзець чарговую версію коміксаў, «Джокер» будзе суцэльным расчараваннем. Акрамя пары імёнаў персанажаў і назвы гораду з Сусвету DC, тут няма практычна нічога. Ніякіх захапляльных прыгод.

Сюжэт фільма можна вызначыць як хваравітую фантазію на тэмы жорсткага свету, якому супрацьстаіць маленькі чалавек. Пры гэтым сам «Джокер» – клоун на замову і стэндап комік – не выклікае ніякай сімпатыі. Нават у момант поспеху ў мясцовым тэлешоу. Хаакін Фенікс схуднеў для ролі да таго, што падаецца вырадкам, выстаўляючы свой аголены торс ці спіну напаказ. Ён падкрэслівае сваю ненармальнасць няспынным ідыёцкім смехам. І сцвярджае, што ягоны смех – толькі сімптом хваробы, якая праяўляецца міжвольна.

Кадр з фільму:
Фота: GettyImages

Захламленыя вуліцы ў стылістыцы амерыканскіх 30-ых, беспрасветнае існаванне, збіццё хуліганамі, звальненне з працы, хворая маці… – вось асяроддзе, у якім герой спрабуе выжыць. Хвароба прагрэсуе. Пацыент робіцца антыгероем і пачынае забіваць тых, хто рабіў яму зло. Які можа быць камфорт, калі гаворка ідзе аб сацыяльнай незадаволенасці?

Добрая рэцэнзія

Адказ на пытанне «як зроблена і знята?» просты: на вышэйшым прафесійным узроўні. Акторскае зліццё з вобразам дзівіць. А рэжысура не спрабуе адцягваць або здзіўляць. Яна пераносіць у несапраўдны свет ці то 30-ых, ці 60-ых гадоў XX стагоддзя. Аднак ніякага камфорту, настальгіі ці іншых прыемных пачуццяў у гледача не прачынаецца. Ну які можа быць камфорт, калі гаворка ідзе аб сацыяльнай незадаволенасці? Пра тое, што багатыя дураць і эксплуатуюць бедных? Што мэр гораду калісьці спаў з маці антыгероя і, верагодна, Джокер – гэта кінуты ім сын?

Тут, мусіць, успыхне пратэст. Рэвалюцыя. Ці то рэальная, ці то ўяўная. Нібы ў класічным фільме «Забрыскі-пойнт», калі рэвалюцыянеры знішчаюць выбухам «свет рэчаў» у сваіх марах або ўявах. Нераскрытае забойства «добрых» грамадзянаў правакуе ўсплёск незадаволенасці ў горадзе Готам. Натоўп зрываецца з ланцуга. Бунт бязлітасны і жорсткі. Здаецца, што сцэнарыст «Джокера» спрабуе абвінаваціць «гаспадароў жыцця» ва ўсіх смяротных грахах. Але раптам пераносіць дзеянне ў псіхіятрычную лякарню, і яшчэ глыбей: злівае левыя ідэі паўстання натоўпу ў сутокі. Быццам бы сцвярджае, што іх карані знаходзяцца ў цьмянай зоне пашкоджанай псіхікі. З аднаго боку, ты пачынаеш спачуваць ахвярам несправядлівасці, з іншага – спачуваць агрэсіўным прыдуркам неахвота.

Кадр з фільму «Джокер».
Фота: VanityFair

Вердыкт: вось як так можа быць?

– Фільм уразіў? – Адназначна, так! – Фільм спадабаўся? – Не…

– Фільм забаўляльны? – Не. Моцны фільм? – Так!

У выпадку з «Джокерам» гэтыя супярэчлівыя адказы суседнічаюць цалкам сабе арганічна. Мая ацэнка 8 з 10.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў