Рэпрэсіі, «Белы легіён», зброя. «СБ» апублікавала відэа допыту Піліпа Шаўрова


Актывіст «Маладога фронту» Філіп Шаўроў. Гэта ён прынёс да брамы забаўляльнага комплексу камень, які не спадабаўся ахове рэстарацыі. Фота з «Фэйсбука» Шаўрова

На сайце газеты Адміністрацыі прэзідэнта «СБ – Беларусь сегодня» увечары 24 красавіка былі апублікаваныя фрагменты допыту маладафронтаўца Піліпа Шаўрова. На відэа ён заклікае да рэпрэсіяў і сцвярджае, што ў грамадскіх актывістаў ёсць зброя. Праваабаронцы прызналі Шаўрова палітвязнем яшчэ 16 красавіка, яны не ставяць пад сумнеў ягоны статус і цяпер.

Матэрыял «СБ» за подпісам «аддзелу журналісцкіх расследаванняў» складаецца пераважна з цытат абвінавачанага. Шаўрову інкрымінуюць ч. 1 і ч.2 арт. 339 (хуліганства) КК за расфарбаваныя помнік Пушкіну і загінулым міліцыянтам. Аднак на відэа гаворкі пра гэтыя дзеянні не вядзецца. Прадстаўніка невядомай структуры, які вядзе допыт, больш цікавіць дзейнасць апазіцыі.

Шаўроў на відэа выглядае вельмі ўзрушаным: хутка гаворыць, пастаянна рухаецца і ўсміхаецца. Ён называе імёны некаторых апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх актывістаў.

«Нешта супрацьпраўнае вы зможаце знайсці ў Дзяніса Урбановіча ў яго доме ў Лагойскім раёне. Зброю? Магчыма. Прынамсі, раней у яго была зброя. Дзяніс жыве разам з Максімам. Ва ўсіх, хто ішоў па справе «Белага легіёну», можа апынуцца зброя. У 60 чалавек», – кажа Шаўроў пра кіраўніка «Маладога фронту».

Ён сцвярджае, што «бедныя актывісты гатовыя да самых радыкальных дзеянняў».

«Я лічу, што павінны быць рэпрэсіі! Калі прэзідэнцкая кампанія пачынаецца ў чэрвені, дык рэпрэсіі павінны праходзіць у сакавіку-красавіку, першай палове траўня. Пакуль ёсць легітымнасць з пункту гледжання Еўропы. Пакуль яшчэ не панаехалі назіральнікі. Потым ужо пачнецца кампанія, а людзі ўжо запалоханыя! Людзі не павінны бачыць апазіцыю. Яна не павінна хадзіць па вуліцах», – працягвае Шаўроў.

Напрыканцы ён нібыта згаджаецца на супрацу з сілавікамі.

Hавiны
ПЦ «Вясна» патрабуе спыніць крымінальны пераслед Піліпа Шаўрова
2020.04.15 15:32

«Вясна»: «Мы ацэньваем улады, а не асобу, Шаўроў – палітвязень»

Прадстаўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч у каментары belsat.eu адзначыў, што сказанае Шаўровым на допыце ніякім чынам не паўплывае на ягоны статус палітвязня.

«Тое, што ён сказаў – тое сказаў. На нашую ацэнку справы гэта ніяк не ўплывае, бо мы ацэньваем дзеянні ўладаў, засноўваючы сваю пазіцыю на афіцыйных працэсуальных дакументах і на выстаўленым абвінавачванні, якое складзена вельмі непісьменна.

Статус палітвязня – не ганаровае званне і не пераходзячы вымпел. Мы не ацэньваем маральны воблік чалавека і ягоныя палітычныя перакананні, для нас гэта не важна. Важныя захады, якія робяцца ўладамі», – гаворыць Стэфановіч.

Праваабаронца дадае, што такая сітуацыя здараецца не ўпершыню:

«Спецворганы любяць разводзіць людзей на непрацэсуальныя стасункі, запісваючы гэта на відэа».

Hавiны
Піліпу Шаўрову за графіці пагражае да 6 гадоў зняволення
2020.03.18 17:48

Жонка Шаўрова: «Я адмовілася даваць паказанні»

Жонка Піліпа Шаўрова Вольга мяркуе, што мэта публікацыі «СБ» – «перасварыць людзей».

«У артыкуле бачна нарэзкі відэа, вырваныя з кантэксту. Я не ведаю, што засталося па-за кадрам. Я не ведаю, ці сапраўды ўсур’ёз ён кажа ці троліць таго, хто вядзе допыт. І цяпер робіцца зразумелым, навошта яго дагэтуль трымаюць – каб выкласці гэтае відэа і перасварыць людзей, выставіць дурнямі тых, хто яго падтрымлівае.

А Піліп не можа нічога сказаць, як насамрэч справа была. Давайце пачакаем яго вяртання. А пакуль будзем займацца тым што важна зараз – берагчы сябе і сваіх блізкіх, дапамагаць медыкам. Не час для спрэчак, час абʼяднацца і рабіць добрыя справы», – сказала Вольга ў каментары belsat.eu

Паводле яе, відэа было запісана неўзабаве пасля затрымання: прычоска ў мужа такая, як была ўзімку.

«Наколькі я ведаю, гэтае відэа тады здымалі без адваката. Праз некалькі дзён пасля яго затрымання мяне таксама выклікалі на допыт і здымалі на тэлефон, але я адмовілася даваць паказанні. Я нічога не казала, бо любое слова можа быць выкарыстана супраць Піліпа», – распавяла Вольга.

Дзяніс Урбановіч. Фота -Ірына Арахоўская, belsat.eu

Урбановіч: «Я не лічу Піліпа здраднікам, ён застаецца маім паплечнікам»

Кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, якога Шаўроў абвінаваціў у захоўванні зброі, кажа:

«Я некалькі разоў праглядзеў відэа і адразу зразумеў, што яны загадалі яму гэта казаць. А я на 100% упэўнены, што, калі б у мяне нешта было – з гэтым пытаннем бы даўно разабраліся, усё б перавярнулі, а не выносілі ў «СБ».

Ён мяркуе, што на Шаўрова аказваўся ціск з боку следства.

«Магчыма, казалі, што жонку пасадзяць або бацькоў. Такая практыка заўсёды ёсць і запужаць можна любога чалавека. Мы ўсе пад Богам ходзім. Змагацца з такой машынай, якая мае ўсе рэсурсы, каб цябе знішчыць, размазаць па сценцы – гэта вельмі складана. Я не лічу Піліпа здраднікам, ён мой паплечнік і ім застаецца. І мы ўсё роўна будзем казаць «Свабоду Піліпу Шаўрову!», – дадае маладафронтавец.

Павел Севярынец на мітынгу за незалежнасць. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

У матэрыяле «СБ» таксама прыводзіцца нібыта цытата Шаўрова пра тое, што сустаршыня БХД Павел Севярынец «гатовы на ўсё за тры тысячы долараў». На просьбу belsat.eu пракаментаваць паводзіны Шаўрова, палітык кажа:

«Гэта гэбоўскі ўкід, спрабуюць адцягнуць увагу ад каронавірусу. Піліпу патрабуем свабоды, бо невядома, што з ім у турме рабілі. Рэальнае злачынства сёння – гэта чорны суботнік Лукашэнкі і катастрофа з каронавірусам».

***

У студзені 2020 года актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў нанёс фарбай невялікую адносна памеру помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітны складнік помніка загінулым працаўнікам МУС, а таксама пафарбаваў у чырвоны колер рукі помніка А. Пушкіну. Акрамя таго ён нанёс надпіс «1937» на плот помпавай станцыі на ўскраіне Менска. Маладафронтавец быў затрыманы 19 студзеня пасля таго, як сам прыйшоў у міліцыю, каб распавесці, што гэта менавіта ён расфарбаваў рукі помніка Пушкіну.

Шаўрову высунулі абвінавачванне паводле трох ч. 1 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства»). Справу накіравалі ў суд. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў