«Рэпарцёры без межаў» заявілі пра мэтанакіраваны пераслед журналістаў напярэдадні выбараў

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» 13 траўня распаўсюдзіла заяву з патрабаваннем вызваліць затрыманых у Беларусі журналістаў.

У заяве паведамляецца, што за апошнія некалькі дзён былі затрыманыя пяцёра журналістаў: Міхаіл Аршынскі, Аляксандр Буракоў, Зміцер Лупач, Алесь Асіпцоў і Аляксандр Баразенка. Апошні быў адпушчаны пасля трох гадзінаў затрымання, а астатнія знаходзяцца пад адміністрацыйным арыштам.

Блогера і аператара «Белсату» Міхаіла Аршынскага двойчы пакаралі соднямі

«Рэпарцёры без межаў» асуджаюць пераслед журналістаў і «заклікаюць міжнародную супольнасць аказаць ціск на Менск, каб забяспечыць павагу свабоды прэсы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў».

«Гэта мэтанакіраваны пераслед напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў відавочна мае сваёй мэтай запалохванне журналістаў і стварэнне перашкодаў распаўсюду інфармацыі, якая датычаць апазіцыйных рухаў у краіне. Прысуды супярэчаць артыкулу 34 закона аб СМІ Беларусі, які дазваляе журналістам асвятляць публічныя падзеі. Нішто не апраўдвае працягненне ўтрымання пад вартай гэтых журналістаў, справы супраць іх павінны быць спыненыя, а асноватворнае права на інфармаванне – выкананае», – заяўляюць у арганізацыі.

«Як выйдзе са шпіталя, будзе адбываць арышт». Размова з жонкаю журналіста Змітра Лупача

З 6 траўня ў розных гарадах Беларусі прайшлі затрыманні ўдзельнікаў сустрэчаў з відэаблогерам Сяргеем Ціханоўскім, які зараз сам адбывае 15-сутачны арышт у Гомлі.

Сярод затрыманых апынуліся і журналісты, у тым ліку тыя, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».

Так, 11 траўня ў Магілёве і Глыбоцкім раёне суды пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі журналістаў нашых калегаў Міхаіла Аршынскага і Змітра Лупача, якія асвятлялі сустрэчу з Ціханоўскім. У судзе Лупачу стала дрэнна, яго шпіталізавалі з гіпертанічным крызам.

У Мар’інай Горцы на 3 гадзіны затрымалі аператара «Белсату»

12 траўня суд у Магілёве арыштаваў журналістаў Аляксандра Буракова і Алеся Асіпцова.

9 траўня таксама на некалькі гадзін быў затрыманы наш калега Аляксандр Баразенка.

Абвешчаны збор грошай на дапамогу арыштаваным журналістам

МГ belsat.eu

Hавiны