«Рэкамендавалі асцерагацца каронавірусу». У Капыльскім раёне жыхароў тэставалі, але небяспеку не пацвярджаюць


Вёска Новыя Доктаравічы Капыльскага раёну, звычайнае ціхае беларускае паселішча, раптоўна зрабілася цэнтрам увагі – у мінулыя выходныя тут правялі маштабную медаперацыю: праверылі кожнага жыхара на наяўнасць тэмпературы і сімптомаў каронавіруснай інфекцыі. Падставаю сталася падазрэнне на хваробу ў настаўніцы мясцовай Доктаравіцкай сярэдняй школы. Аднак пра гэта мясцовыя не надта жадаюць казаць.

Вуліцы вёскі пустыя і ціхія. Рэдкія мінакі ці то адмахваюцца ад размовы, ці то сцвярджаюць, што нічога не ведаюць.

«Можа штосьці і было, але не ў нас, гэта ў Доктаравічах, вёска туды далей. Сёння хіба адзін чалавек сам паехаў у больніцу з тэмпературай, але я нічога пра гэта не ведаю», – каментуе мясцовы жыхар, не адрываючыся ад справаў у двары.

Новыя Доктаравічы. Фота «Белсат»

Каля крамы людзі аказваюцца больш гаваркімі. Сталы мужчына, шпарка ідучы да свайго аўтамабілю, пацвярджае, што ўчора прыязджалі дактары, у масках і спецыяльнай форме, прайшліся па дамах, памералі тэмпературу, рэкамендавалі заставацца дома, а пры зʼяўленні якіх-небудзь сімптомаў – неадкладна звярнуцца па медычную дапамогу.

«З чым гэта звязана, ніхто не тлумачыў. Сказалі асцерагацца. Чаго? Ну, каронавіруса гэтага», – дадае ён, ужо сядаючы ў аўтамабіль.

Капыль, Менская вобласць. Фота «Белсат»

У самой краме прадавачка ў масцы і гумовых пальчатках, кажа, што такая была рэкамендацыя дактароў: «Прыехалі, праверылі, мазкі рабілі, тэмпературу мералі, сказалі карыстацца індывідуальнымі сродкамі абароны, працаваць і не паддавацца паніцы».

Школьны аўтобус, на якім масава мясцовых дзяцей прывезлі ў раённую больніцу. Фота «Белсат»

Ці быў хтосьці з вёскі шпіталізаваны, жанчына сказаць не змагла. Адзінае зазначыла, што сёння ўдзень забралі ўсіх дзяцей са школы ў Капыльскую цэнтральную раённую больніцу на аналізы.

«Ва ўсім жа астатнім тут спакойна, масак хапае, антысептычных сродкаў – таксама. Вунь на падваконні стаіць… Зайшлі, рукі апрацавалі, перад выхадам тое самае», – зазначае яна.

Hавiны
«У іх завал, працуюць у тры змены». Як беларусы чакаюць вынікаў тэстаў на COVID-19
2020.03.30 19:14

Адмовіліся каментаваць сітуацыю і тыя, хто мог ведаць яе найлепш – прадстаўнікі сельскага савету і камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Доктаравічы». Па інфармацыю параілі звярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя.

«Мы інфармаваныя гэтаксама як вы. Аказваем дапамогу: нам дасылаюць спісы, калі раптам нехта захварэў, калі ў кагосьці тэмпература даем сігнал, рэкамендацыі людзям як сябе паводзіць, паведамляем у больніцу і іх шпіталізуюць», – удакладніў начальнік унітарнага прадпрыемства Сяргей Шарупіч. Аднак учора шпіталізаваных не было, зазначыў ён.

Паводле старшыні сельсавету Міхаіла Валуевіча, усё працуе ў штатным рэжыме, нагнятання сітуацыі ці панікі ім тут не патрэбна. Хто ці адкуль мог прынесці ў населены пункт хваробу, чыноўнікі казаць не бяруцца.

У суседняй вёсцы Вуглы, дзе таксама пабываў аўтамабіль медыкаў, мясцовыя жыхары не асабліва арыентуюцца ў ты, што адбываецца.

Вёска Вуглы, дом, ля якога былі заўважаныя медыкі. Фота «Белсат»

«Медыкаў ня бачылі, яны ездзілі па суседніх вёсках, у нас не спыняліся. Учора самі вазілі дзяцей у фельчарска-акушэрскі пункт у Доктаравічы, там рабілі тэсты. Рэкамендацыяў ніякіх не давалі, хіба што з дому не выходзіць. Вынікаў тэстаў на каронавірус яшчэ няма», – кажа мужчына.

Капыльская цэнтральная раённая больніца. Фота «Белсат»

Ля самой Капыльскай цэнтральнай раённай больніцы несупынная плынь аўтамабіляў хуткай дапамогі. Цэнтральны ўваход зачынены, а на дзвярах абʼява аб забароне наведванняў медычнай установы праз высокі ўзровень захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі.

Фота «Белсат»

Спраўдзіць інфармацыю аб шпіталізаваных з вёскі Новыя Доктаравічы Belsat.eu не дапамаглі на гарачай лініі, у прыёмным пакоі ці то ў прыёмнай галоўнага лекара. У апошнім кабінеце паведамілі, што такою інфармацыяй валодаюць не тут, на месцы, а ў Міністэрстве аховы здароўя.

Hавiны
Мінздароўя агучыла новыя лічбы па каронавірусе
2020.03.30 15:07

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Стужка навінаў