Тры гады таму над Данбасам быў збіты пасажырскі «Боінг 777», які ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. Загінулі 298 чалавек.
Паводле вынікаў міжнароднага следства, ракету выпусцілі з комплекса «Бук», які прыбыў на Данбас з Курскай вобласці. Журналісцкая група «Bellingcat» высветліла, што за транспартаванне «Бука» адказваў Сяргей Дубінскі – адстаўны расейскі разведчык. Гэтую інфармацыю «Новай газеце» пацвердзіў і ягоны былы саслужывец у Афганістане.
І сталася адзінаю дзяржавай з усіх сябраў Рады Бяспекі ААН, што заблакавала рэзалюцыю аб стварэнні міжнароднага трыбуналу. Выконваць рэзалюцыю Крэмль заклікаюць і цяпер, напярэдадні суда, які пройдзе ў Нідэрландах.
«Мы зробім усё, што ў нашых сілах. Магчыма, будзе праходзіць завочны судовы разбор. Некаторыя са сведак могуць быць затрыманыя ў Расеі. Я, вядома, заклікаю Расею выканаць рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН і зрабіць усё магчымае, каб прыцягнуць гэтых людзей да адказнасці», – заявіла Джулі Бішап, кіраўніца МЗС Аўстраліі.
Ігар Стралкоў, што на момант атакі на «Боінг» быў ягоным непасрэдным камандзірам, збіраецца дэбатаваць у гэтую пятніцу з апазіцыянерам Навальным. Кіраўніцтва вайсковай часткі ў Курскай вобласці, адкуль прыбыў смертаносны«Бук», працягвае працаваць. Нікога з іх не дапыталі.
Крэмль працягвае адмаўляць віну Расеі ў гібелі трох сотняў пасажыраў «Боінга». Незалежныя расследаванні ўлады Расеі называюць «фальсіфікацыяй» і «русафобскім спектаклем». І працягваюць вінаваціць у здарэнні Украіну.
Неба над зонай Антытэрарыстычнай аперацыі было адкрытае для палётаў лайнераў. А вось Расея напярэдадні трагедыі, як сталася вядома сёння, закрыла паветраную прастору над Растоўскаю вобласцю на вышыні, што прастрэльваецца «Букам».
«Нам сказалі, што неўзабаве мы ўсе даведаемся, і гэта ўсяго толькі пытанне часу, калі злачынцаў можна будзе прыцягнуць да адказнасці», – з надзеяй у голасе кажа Салім Сармо, бацька загінулага пасажыра.
Сёння ля амбасады Расеі ў Гаазе родныя пасажыраў «Боінгу» ўсталявалі лаўку з мемарыяльнаю табліцаю. На ёй напісана – «Чакаем адказнасці і поўнай яснасці. Чалавечнасць вышэйшая за палітыку».
Маша Макарава, «Белсат»