Разыграўца. Спартовае слова года ад «Белсату»


Словы года – сімвалы 2019-га, а таксама іх прыгоды. Кароткі цыкл ад моўнай службы «Белсату» ў апошні тыдзень снежня. Наступная моўная намінацыя – спартовае слова года. Нумарам адзін стаў… першы нумар! Вітайце разыграўцу.

Белсатаўскія «спартоўцы» заўсёды былі чуйныя да мовы сваіх рэпартажаў (аніякіх ачкоў, толькі пункты!). Журналісты прапаноўваюць файныя словы, якія маюць усе шанцы замацавацца ў якасці тэрмінаў (гэтак, спартовы снарад паступова пераўтварыўся ў спартовы ладунак). Сёлета ж спорт на «Белсаце» выходзіць у новым фармаце і робіцца камандай, узмоцненай новымі журналістамі. Пашырылася тэматыка, геаграфія і жанравая разнастайнасць матэрыялаў. Дый прамінулы год насычаны спартовымі падзеямі з перманентным палітычным налётам: допінгавыя скандалы, правальна-пераможныя Еўрапейскія гульні. Таму лагічна будзе вылучыць спартовае слова года.

Малюнак: Дэ Лёс

За здаровае (паза)спартовае жыццё

Спартовае слова года – разыграўца. Гэта пазіцыя гульца ў гандбольнай ці баскетбольнай камандзе. Разыграўца, або плэймэйкер, першы нумар (англ. «point guard», «play maker», рас. «разыгрывающий защитник») мусіць бездакорна валодаць мячом, быць спрытным, упэўненым і дакладным. Але добрых фізічных характарыстык – мала. Разыграўца – гэта дыспетчар, які адказвае за ўзаемадзеянне ў камандзе, разыгранне камбінацыяў. Гэта хуткія камандныя мазгі, якія бачаць і прагназуюць сітуацыю.

Добры разыграўца ведае моцныя і слабыя бакі супернікаў, умела выкарыстоўвае перавагі сваёй каманды. Узровень разыграўцы вызначае стыль і тактыку каманды.

Hавiны
Інтэграцыя – (анты)слова года
2019.12.24 10:42

Якасці, неабходныя для гульца гэтай пазіцыі, патрэбныя і па-за спортам. Спартовы тэрмін, як нярэдка здараецца, робіцца метафарай здаровага сацыяльнага, грамадскага, палітычнага жыцця. Уменне дзеяць з мінімальнай колькасцю памылак, упэўнена і надзейна – ці не гэтага мы чакаем ад людзей, адказных за перасоўванне «мяча» па ўмоўнай пляцоўцы? На шляху да «брамы» (мэты) чалавек зазнае моцны прэсінг і мусіць зрабіць усё, каб не аддаць мяча абароне супраціўніка: зрабіць выніковы пас на «аднаклубніка» (сямейніка, калегу, паплечніка), накіраваць іншых гульцоў (сябраў, родных і прыяцеляў) для заканчэння камбінацыі (ды хоць бы ў краму па хлеб! А то й на плошчу…). Бо першы нумар мусіць шукаць магчымасці для сваёй каманды, а не паляпшаць уласныя характарыстыкі.

Разыграўца і мова

Разыграўца ў спорце – майстар вербальных камандаў, ён прыдумляе кодавыя фразы для кіравання гульнёй аднаклубнікаў, а таксама распрацоўвае мову жэстаў. Можна сказаць, калега лінгвістаў. З гледзішча ж беларускай мовы лексема разыграўца мае добрую «фізічную форму» (бездакорнае словаўтварэнне). Гэтае слова аднолькава ўдала пасуе як для хлопцаў, гэтак і дзяўчат.

Hавiны
Гонар года. Белсатаўскае слова 2019-га – гузік (срэбны!)
2019.12.23 09:47

Разыграўцы ўсіх сфер, адгукніцеся!

«Затое ў мяшкоўцаў – па чатыры чалавекі на пазіцыю лінейных і разыграўцаў», – кажа спартовы аглядальнік Алесь Пуціла.

«У перапынку паміж трэнінгавымі заняткамі атрымалі дазвол ад галоўнага настаўніка і паразмаўлялі з разыграўцам сталічнага клубу», – гучыць іншым разам з вуснаў Дзмітрыя Сухановіча.

«Далучыліся да складу каманды ўлетку і старыя знаёмыя – форвард Максім Салаш і разыграўца Бранка Міркавіч», – кажа Дзяніс Ганчарэнка.

Фігуруюць разыграўцы і ў матэрыялах Алеся Леўчука пра БГК імя Мяшкова.

Каго ж згадаць па-за спортам, хто разыграўцы ў штодзённым жыцці? Я, ты, мы.

Сябры, у новым годзе трымайце мяч у руках каманды!

Падрыхтавала Настасся Вікулава Belsat.eu
Стужка навінаў