Размеркаванне «імём Рэвалюцыі».


Міністэрства адукацыі афіцыйным пісьмом забавязала ВНУ уладкаваць усіх выпускнікоў-бюджэтнікаў на працу і не выдаваць свабодных дыпломаў. Belsat.eu высветліў, што з гэтага выйшла.

«Адпраўлю ў Петрыкаў!»



Яўген з Гомлю – адзін з выпускнікоў-2017 распавядае, якім чынам прымусовае размеркаванне адбывалася ў ягоным універсітэце.

«На абароне дыплома мяне выклікалі перад усімі і сказалі, што сёння мой дыплом разглядаць не будуць. З іншым аднагрупнікам, у якога таксама не было заяўкі на размеркаванне, мы стаялі чатыры гадзіны ў калідоры і чакалі дэкана. Потым у дэканаце нас пасадзілі, хадзілі вакол, пачалі прапаноўваць магістратуру. А я не хачу ў магістратуру, тым больш, на платнае, і яны не могуць прымусіць мяне плаціць. Яны пачалі злавацца, пагражаць мне, намагаліся запужаць. Я сядзеў, смяяўся. Казаў, што ў краіне няма працы, як я яе знайду, калі нават універ не знайшоў. Дэкан пачаў крычаць, пагражаць, што знойдзе мне заяўку з Петрыкава, а калі я прынясу сваю заяўку, то ён пойдзе да рэктара і дамовіцца з ім, каб мяне нікуды акрамя Петрыкава не пускалі».

Нашаму суразмоўцу аднак удалося абараніць дыплом і размеркавацца ў фірму, дзе ён падпрацоўваў падчас навучання. А вось іншаму студэнту – аднагрупніку Яўгена, не пашанцавала. Ён не знайшоў прадпрыемства або фірмы, якая б захацела прыняць яго ў якасці маладога спецыяліста. У выніку хлопца адлічылі нібыта за тое, што ён не здаў практыку.

Маладыя спецыялісты – лішні цяжар для працадаўцы



Калі працадаўца бярэ маладога спецыяліста па размеркаванні, ён павінен прыняць забавязальніцтвы перад універсітэтам, што гэты выпускнік адпрацуе на месцы 2 гады. Звольніць яго маюць права толькі ў выключным парадку, напрыклад, у выпадку крымінальнай адказнасці.

Знайсці працу паводле профілю выпускніку цяжка не толькі праз адсутнасць досведу, але і праз дадатковыя абавязкі для працадаўцаў.

Сайта па пошуку працы rabota.tut.by прадставіў «Белсату» інфармацыю пра сітуацыю на беларускім рынку. Гэтак у другім квартале 2017 году ў катэгорыі «Пачатак кар’еры, студэнты» было размешчана 22, 8 % ад усіх рэзюмэ на сайце. Гэта самая шматлікая катэгорыя сярод тых, хто шукае працу. Вакансіяў жа ў гэтым сегменце – толькі 6 % ад агульнай колькасці.

У той жа час, агулам прыкладна 23% вакансіяў ад працадаўцаў прысвечана кандыдатам без досведу працы. Але гэты попыт – на працаўнікоў у сферы продажу, працоўны персанал на вытворчасці і будаўніцтве, а таксама ў ІТ-тэхналогіях.

«Я не ўмею гэта рабіць, але не маю выбару»



Марыя і Хрысціна, выпускніцы БДУ мінулага году, самастойна шукалі сабе працоўнае месца размеркавацца. І абедзве працуюць не па спецыяльнасці. Скончыўшы факультэт філалагічны факультэт, Марыя працуе настаўніцай малодшых класаў, Хрысціна – сацыяльным педагогам.

«Нас першапачаткова размеркавалі ў школы ў Менскі раён, прыйшлі за дакументамі, а нам сказалі, што месцаў на нас няма. Нават здзівіліся, што нас туды ўніверсітэт накіраваў, бо ў іх усе заяўкі на раён закрывае педуніверсітэт (імя М.Танка)», – распавядае Марыя. Я ўжо год адпрацавала настаўніцай малодшых класаў. Я не вывучала ні педагогіку маленькіх дзетак, ні як іх навучаць. Па сутнасці, я не ўмею гэтага рабіць. Але ў мяне няма выбару, і гэта вельмі складана», – дадае дзяўчына.

У выпускніцы Хрысціны –  падобная гісторыя. Яна таксама самастойна шукала сабе першае месца абавязковай «адпрацоўкі».

«Я паўсюль тэлефанавала, мне казалі – месцаў няма. Потым знайшлося месца пры ўмове, што я год адпрацую сацыяльным педагогам, а потым мне дадуць гадзіны па маёй спецыяльнасці, – кажа Хрысціна. – Вельмі цяжка было, з сацыяльнай працай я ніколі не сутыкалася».

Прыгоннае права ў сучаснай Беларусі

Каб у рэшце пачаць працаваць па спецыяльнасці, Хрысціна звярнулася да кіраўніцтва з просьбаю, каб ёй далі гадзіны мовы і літаратуры хаця б на палову стаўкі. Але атрымала адмову. Пачала шукаць новае месца працы, каб атрымаць пераразмеркаванне і нават знайшла.

«Але цяпер мяне школа адпускаць не хоча, напісалі мне жудасную характарыстыку, і мяне не ўзялі туды, куды я магла б пераразмеркавацца», – кажа Хрысціна.

Ад размеркавання адмовіцца практычна немагчыма, калі ты – учорашні студэнт. Сума, якую павінны выплочваць выпускнікі ў выпадку, калі яны не адпрацуюць па размеркаванні, перавышае нашмат плату за навучанне, што выдаткоўваюць платнікі. Яна залежыць ад спецыяльнасці і ВНУ і разлічваецца бухгалтэрыяй установы.

«Напачатку я плакала, рыдала, на працы было цяжка. Але ніхто з нас не мае такіх грошай, каб аддаць і забыцца на гэта. Судзіцца таксама ніхто не будзе, бо невядома, чым гэта скончыцца, а суд – справа платная, забірае шмат часу і сілаў. Паверце мне, настаўнікі, не могуць сабе гэтага дазволіць», – кажа Марыя.

Ці зменіцца сістэма?



Абавязковае размеркаванне пасля навучання ва ўніверсітэтах магло б саслужыць добрую службу выпускнікам: яны б гарантавана маглі атрымліваць першае працоўнае месца і працоўны досвед. Аднак у той гіпертрафіраванай форме, якую прыняла сістэма, выпускнікоў фактычна шантажуюць, пагражаючы спагнаннем аплаты, прапаноўваюць самую нізкааплачваемую працу, а наймальнікаў заганяюць у кут, накладаючы дадатковыя забавязальніцтвы.

На грамадскае абмеркаванне ў лютым 2017 году быў вынесены праект закону аб зменах у Кодэксе аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. У чэрвені ён мусіць трапіць на разгляд парламентарыяў. У першай рэдакцыі закону няма ніякіх прынцыповых зменаў, што да сістэмы абавязковага размеркавання. Адзінае – новы закон дазволіць ехаць у магістратуру за мяжу без папярэдняй адпрацоўкі, але толькі па тых спецыльнасцях, магістратуры для якіх не існуе ў Беларусі. Сітуацыя з «прыгонным размеркаваннем» выпускнікоў застанецца тая ж.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

 

Стужка навінаў