«Разгул дэмакратыі» ў Берасці: пасля выступленняў дазволілі Дзень Волі і запрашаюць «да дыялогу»

На Дзень Волі ў Берасці пройдзе шэсце і мітынг у цэнтры гораду. Дазвол на гэта даў берасцейскі гарвыканкам.

Збор удзельнікаў прызначаны на 12.00 на скрыжаванні праспекта Машэрава і Бульвара Касманаўтаў. Далей шэсце пройдзе па пешаходнай вуліцы Савецкая, затым па вуліцах Будзёнага да плошчы Свабоды, дзе адбудзецца мітынг. Заканчэнне мерапрыемства ў 15.00.

«Мы хочам годна адзначыць 99-годдзе абвяшчэння нашай незалежнасці. На акцыі мы будзем патрабаваць неадкладнага вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці ўсіх удзельнікаў мірных пратэстаў і поўнай адмены дэкрэту №3. Мы маем намер абмеркаваць такую праблему, як прыняцце рашэнняў на мясцовым узроўні. На наш погляд большасць мясцовых рашэнняў прымаецца без уліку меркаванняў грамадзянаў. Мы таксама лічым, што грамадства пазбаўлена сёння магчымасці змяніць уладу праз выбары, бо выбары ў нас праходзяць непразрыста, альтэрнатыўныя кандыдаты не маюць сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях. Вырашэння гэтых праблем мы будзем патрабаваць ад улады», – паведаміў заяўнік акцыі, старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.

Па словах аднаго з сябраў аргкамітэту, старшыні Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Маслоўскага, сход мае выключна мірны характар. «Мы заклікаем жыхароў гораду прыйсці на шэсце і ўзяць з сабой бел-чырвона-белую сімволіку, а на мітынг напісаць сацыяльны ці палітычных лозунг на транспаранце, які адпавядае мэтам масавага мерапрыемству. Улады павінны слухаць уласны народ», – адзначыў Ігар Маслоўскі.

Арганізатары массавай акцыі таксама звяртаюцца да ўдзельнікаў з просьбай прытрымлівацца заканадаўства аб масавых мерапрыемстваў: не закрываць твары, не прыносіць з сабой зброю ці імітацыю зброі, не паддавацца на правакацыі, а па ўсіх пытаннях звяртацца для сябраў арганізацыйнага камітэту.

А ў 14.00 берасцейцаў запрашаюць на сустрэчу з кіраўніцтвам гораду і дэпутатамі гарадскога Савету дэпутатаў. Там кожны ахвотны зможа задаць пытанні старшыні берасцейскага гарвыканкаму Аляксандру Рагачуку. Сустрэча адбудзецца ў Палацы культуры Прафсаюзаў. Адметна, што Рагачук сустракаўся з пратэстоўцамі з Маршу недармаедаў 5 сакавіка, але не пачуўшы канкрэтных адказаў на пастаўленыя пытанні людзі пакінулі сустрэчу.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота) belsat.eu

на фота Аляксандр Рагачук

Hавiны