Раённыя камісіі бракуюць подпісы Бабарыкі ды Цапкалы

Подпісы за патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы не праходзяць кантролю раённых выбарчых камісіяў.

Гэтак, 29 чэрвеня Савецкая раённая камісія ў Гомлі не прызнала подпісы, здадзеныя ініцыятыўнымі групамі былога старшыні «Белгазпрамбанку» і Парку высокіх тэхналогіяў. Пра гэта belsat.eu паведаміў доўгатэрміновы назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка, які прысутнічаў на паседжанні.

Цапкала: у Беларусі можа ўсталявацца форма кіравання, як у КНДР ці арабскіх краінах

У Бабарыкі камісія заявіла, што ў выніку асноўнай і дадатковай праверкі выявіла 23,28 % несапраўдных подпісаў са здадзеных на праверку 4870-і. У Цапкалы несапраўднымі апынуліся 16,53% з 1956-і. У выніку дзвюх праверак усе іх подпісы не залічылі.

У астатніх пяці прэтэндэнтаў – дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ў Святланы Ціханоўскай, Ганны Канапацкай, Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Чэрачня – працэнт несапраўдных подпісаў у выніку праверкі склаў менш за 15 % і па іх паўторныя праверкі не праводзіліся.

Леанід Судаленка адзначыў, што за Лукашэнку падалі найбольшую колькасць подпісаў у раёне – каля 29 тыс., найменшую – за былую дэпутатку Ганну Канапацкую 45 подпісаў. Толькі ў апошняй усе подпісы былі прызнаныя сапраўднымі.

Паводле праваабаронцы, падобныя звесткі прыходзяць і іншых месцаў, напрыклад, з Барысава.

«Завалілі Цапкалу і Бабарыку і пакінулі пяцярых. Падобна, што гэта не гомельскі вірус прызнання подпісаў несапраўднымі, а вірус рэспубліканскага маштабу да гэтых кандыдатаў», – адзначыў ён.

Лукашэнка расказаў, за што «даў сігнал з Ціханоўскім» і як «з’язджаў з глузду» праз каронавірус

Назіральнік адзначыў, што камісіі не называлі, на якіх падставах яны забракавалі подпісы. Даведацца гэта могуць толькі штабы прэтэндэнтаў, звярнуўшыся ў суд.

«Калі іх [Цапкалы і Бабарыкі. – Рэд. Belsat.eu] не будзе, то няма ніякай альтэрнатывы тады. Я не дрэнна стаўлюся да тых, хто застаўся, але ніхто з іх не здольны зрабіць якуюсьці канкурэнцыю Лукашэнку», – заявіў Судаленка.

На ягоную думку, падобна на тое, што ўлады ўжо вырашылі, каго браць сабе ў супернікі.

МГ belsat.eu

Hавiны