Раёнкам загадана пісаць такім чынам, каб усім захацелася пераехаць жыць у рэгіён


Будучыня СМІ залежыць ад іх канвергентнасці, заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка падчас выніковага пасяджэння калегіі Міністэрства інфармацыі. Чыноўнікі разгледзелі перспектывы і магчымасці для развіцця дзяржаўных медыяў.

«Мы жывем ва ўмовах абʼектыўнага працэсу падзення чытацкай аўдыторыі традыцыйных папяровых СМІ. Акцэнты і перавагі ссоўваюцца ў інтэрнэт-асяроддзе. У сувязі з гэтым неабходна працягнуць развіццё мультымедыйнай складнікаў выданняў. Задача Міністэрства інфармацыі – забяспечыць паступовую трансфармацыю традыцыйных друкаваных выданняў у канвергентныя. Такі падыход адпавядае актуальнаму парадку дня», – сказаў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго словаў, сёння СМІ неабходна змагацца за захаванне і рост чытацкай аўдыторыі.

«Друкаваныя і электронныя СМІ павінны забяспечыць прафесійны падыход да стварэння і распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі і ў поўнай меры несці адказнасць перад грамадствам за якасць, паўнату і дакладнасць інфармацыі. Таму важна, каб СМІ сёння сумленна і адказна служылі сваім чытачам, гледачам, слухачам, захоўвалі ўзважанасць ацэнак, усебакова і абʼектыўна асвятляючы рэчаіснасць », – падкрэсліў віцэ-прэмʼер.

Ён таксама адзначыў, што мясцовая газета – арганізатар і натхняльнік усіх раённых справаў.

«Я з задавальненнем чытаю рэгіянальныя газеты, якія прасякнуты цеплынёй і душэўнасцю, збольшага няспешнасцю. Прыемна, што за апошні час яны дадалі ў тэхналагічным плане, але захоўваецца праблема якасці ў галіне кантэнту, вёрсткі, дызайну. Варта забяспечыць якаснае змяненне сістэмы працы рэгіянальных друкаваных СМІ ў адпаведнасці з патрабаваннямі сённяшняга дня. Трэба пісаць так, каб усім захацелася пераехаць жыць у гэты раён», – заявіў намеснік Прэмʼер-міністра.

Праблемы рэгіянальных СМІ трэба вырашаць, а не толькі крытыкаваць іх, для чаго неабходна наладзіць двухбаковую працу, якая павінна ісці ад рэдактараў-прафесіяналаў і кіраўніцтва, адзначыў Ігар Петрышэнка.

«Калі нехта штосьці не да канца разумее, трэба арганізаваць семінары, правесці заняткі. Бо раённая газета – памочнік, арганізатар і натхняльнік усіх раённых справаў, таму важна іх захаваць», – сказаў ён.

Акрамя таго, журналісты павінны праявіць усё сваё майстэрства пры падачы інфармацыі ў пазітыўным ключы, каб яна не пакідала людзей абыякавымі.

«З пазітывам працаваць складаней, чым з негатывам, але ў дзяржаўнай прэсе ў нас працуюць прафесіяналы, творчы патэнцыял якіх вялікі», – дадаў намеснік Прэмʼер-міністра.

Ігар Петрышэнка таксама падкрэсліў важнасць сацыяльнага падтрымання на месцах маладых спецыялістаў – прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ.

«Жыллё – ключавое пытанне. Не будзе садзейнічання, не будуць працаваць у раённых СМІ. Хочацца, каб маладыя спецыялісты былі запатрабаваныя ў рэгіёнах. Я папрашу прадметна адпрацаваць гэтае пытанне разам з Міністэрствам адукацыі, аблвыканкамамі, раённымі газетамі, наладзіць, як гэта павінна быць на практыцы. У тым ліку і па стажыроўцы трэба вырашаць пытанні», – сказаў Ігар Петрышэнка.

Намеснік Прэмʼер-міністра звярнуў увагу і на працу прэс-службаў.

«Дзейнасць прэс-службаў у цэлым нельга назваць сістэмнай і высокаэфектыўнай. Часта ў асобаў, адказных за сувязі з грамадскасцю, не хапае неабходнай кваліфікацыі і прафесіяналізму. Бо эфектыўнасць ажыццяўлення дзяржаўнай улады ў немалой ступені залежыць ад інфармацыйнага суправаджэння яе дзейнасці, і без належнага медыяпадтрымання немагчыма ўявіць вынікова як функцыянуе механізм публічнай улады», – падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў