Распрацоўнік сістэмы відэаназірання, якая заб'е «прыватнасць»: У Беларусі дэмакратыя


4 траўня на YouTube-канале «devby video» з’явілася інтэрв’ю расейскага бізнесмена Аляксандра Шатрова. У ім сузаснавальнік кампаніі «Synesis» заявіў, што не ведае адкуль у Беларусі размовы пра адсутнасць дэмакратыі.

«Быў крык на тэму, што тут ніякай дэмакратыі, вось Еўропа, Амерыка! Там трава зелянейшая і ўсё лепш. Але калі нехта хоча адстойваць грамадзянскую пазіцыю, трэба рабіць гэта ў рамках закона. Я не кажу, што не трэба парушаць закон – ваша права.

Ведаеце, можаце працаваць дворнікам і атрымліваць мала, а можаце наркотыкі прадаваць – зарабляць шмат. Але вы ўсведамляеце, што калі вас затрымаюць, вы атрымаеце гіганцкі тэрмін. Будзе дзіўна, калі вы тады будзеце крычаць, што калі ў Амерыцы легалізавалі наркотыкі, чаму для вас тады тут такое стаўленне? Вы самі ўсведамляеце наступствы, а калі яны наступаюць, то прыміце гэта.

Яны ішлі на дэманстрацыю, якую ім не санкцыянавалі, яны на што разлічвалі?», – сказаў Шатроў, каментуючы на просьбу журналісткі свой уласны допіс пра Дзень Волі ў 2017 годзе.

Шатроў таксама прызнаўся, што ў ягонай кампаніі забаронена карыстацца беларускай мовай.

«У нашай кампаніі нельга карыстацца мовамі, якія не разумее большасць. У нас нельга размаўляць па-беларуску, па-італьянску, па-іспанску», – распавёў бізнесмен.

Відэаінтэрв’ю было выдаленае і запампаванае на YouTube другі раз. Паводле «devby video» праз памылку, дапушчаную ў застаўцы (дата заснавання «Synesis»). Пад першай версіяй відэа карыстальнікі пакінулі шмат негатыўных ацэнак і каментароў.

«Synesis» – кампанія-рэзідэнт «Сколкава» (Расея) і Парка высокіх тэхналогіяў (Беларусь). Цяпер займаецца распрацоўкаю сістэмы відэаназірання «Kipod» (рэалізуецца сумесна з МУС Беларусі) і платформы для «Еўрапейскіх гульняў», а таксама брала ўдзел у распрацоўцы «Viber».

Telegram-канал «Паца-Ваца» вельмі спрошчана і ў кароткай форме распавёў пра самыя цікавыя моманты гэтай размовы.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў