Распачаўся Нацыянальны адбор на «Еўрабачанне-2020»

«Белтэлерадыёкампанія» паведаміла пра пачатак Нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2020». Заяўнікі ўжо могуць накіроўваць свае звароты ў прадзюсарскую групу медыяхолдынгу.

Заяўкі на Нацыянальны адбор на «Еўрабачанне-2020» прымаюцца да 17 студзеня 2020 года. Пасля гэтай даты фокус-група «Белтэлерадыёкампаніі» правядзе папярэдні кастынг музычных кампазіцый і сфармуе спіс удзельнікаў праслухоўвання. Не пазней за 22 студзеня кампанія абяцае агучыць спіс канкурсантаў.

Фота: www.tvr.by

Ужо 27 студзеня мае адбыцца праслухоўванне, па выніках якога вызначаць удзельнікаў праекту. Фінал музычнага конкурсу адбудзецца не пазней за 6 сакавіка 2020 года. Пераможцу абяруць па выніках галасавання прафесійнага журы і галасавання гледачоў.

Фіналіст Нацыянальнага адбору выступіць ад Беларусі на «Еўрабачанні-2020». Сёлета міжнародны конкурс адбудзецца ў траўні ў Ратэрдаме (Нідэрланды). Паўфіналы конкурсу адбудуцца 12 і 14 траўня, фінал – 16 траўня 2020 года.

«Еўрабачанне-2019» выйграў спявак з Нідэрландаў. Беларусь – перадапошняя

 

СК belsat.eu

Hавiны