У новым звароце дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў генерал-лейтэнант у адстаўцы Леанід Рашэтнікаў працягвае настойваць, што беларуская мова была створаная рашэннем органаў бюро ЦК ВКПБ у 1926 годзе.
Відэа з’явілася ў інтэрнэце 22 снежня, у дзень, калі ў МЗС Беларусі выклікалі дарадцу-пасланніка амбасады Расеі Вадзіма Гусева, каб выказаць яму ноту пратэсту.
«Гэта не адстаўны генерал прыдумаў, гэта дакумент. Ідзіце паспрачайцеся з дакументам, а не са мной», – не супакойваецца Рашэтнікаў.
«Ніхто не адмяняў саюзную дзяржаву, бо мы ж у саюзнай дзяржаве. Гэта ўтварэнне гучыць не «Саюзныя дзяржавы Беларусі і Расеі», але хіба і на новай беларускай мове яно гучыць у адзіночным ліку. Практычна мы адзіная тэрыторыя. Калі вы не згодныя з маёй фармулёўкай, выходзьце тады з яго. Чаго ж яно вас так закранула, чаго вы пераймайцеся?», – заявіў ён.
Расейскі чыноўнік паўтарае, што ў «нас адзіная гісторыя і мы звязаныя крывёю», і абвінавачвае беларусаў у распаўсюдзе «ілжывай гісторыі і спробах яе падправіць».
«Вы перагнулі палку. Гэта палка даўно перагнутая ўва Украіне. І гэта прывяло да такіх крывавых падзей. Не перагібайце палку… Чым вы хочаце ганарыцца? Польскай шляхтай і ліцвінскімі князямі?… У Расеі кожны нармальны чалавек думае так, як я сказаў. Мы адзіны народ і ўваходзім у саюзную дзяржаву, мы будзем змагацца за тое, каб быць разам», – падсумоўвае аналітык Пуціна.
21 снежня на Youtube-канале «Action Tube» было апублікаванае відэа з Леанідам Рашэтнікавым, дзе ён аспрэчыў суверэнітэт Беларусі ды заявіў, што Менск ідзе па «украінскім сцэнары».
РІСД – гэта аналітычны цэнтр, які працуе на Адміністрацыю прэзідэнта Расеі ды іншыя інстытуты ўлады ў Расеі.
«Советская Белоруссия» напісала пра інцыдэнт з Рашэтнікавым, як пра недарэчнасць з пенсіянерам-адстаўніком, які «загаварыўся».
ДР belsat.eu