8 жніўня, у дзень выбуху на расейскім вайсковым аб’екце, у шасці з васьмі пунктаў Северадзвінску было зафіксаванае перавышэнне магутнасці дозы гама-выпраменьвання ў 4–16 разоў у параўнанні з фонавымі значэннямі для гэтай тэрыторыі.
З такой заявай выступіў начальнік Упраўлення стану і забруджання наваколля Расгідрамету Юрый Пяшкоў, паведамляе «Архагельск онлайн».
Сярэдняе значэнне фону для Северадзвінску складае 0,11 мкЗв/г. Пасля рэзкага скачку значэнні сталі змяншацца, і радыяцыйны фон у горадзе нармалізаваўся да 0,13-0,16 мкЗв/г. У Архангельску перавышэнняў не зафіксавалі.
Інцыдэнт з выбухам пракаментаваў у «Тўітэры» і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Паводле яго, у Вашынгтоне шмат што зразумелі пасля выбуху ракеты ў Расеі, бо маюць «падобныя, хоць і больш прасунутыя тэхналогіі».
Трамп адзначыў, што выбух расейскай крылатай ракеты «Буравеснік» «прымусіў людзей турбавацца аб якасці паветра ў раёне аб’екта і далёка за яго межамі».
The United States is learning much from the failed missile explosion in Russia. We have similar, though more advanced, technology. The Russian “Skyfall” explosion has people worried about the air around the facility, and far beyond. Not good!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) August 12, 2019
У выніку выбуху на сакрэтным вайсковым аб’екце ў паселішчы Нёнакса, што за 40 км ад Северадзвінску Архангельскай вобласці, загінулі пяць працаўнікоў дзяржаўнай карпарацыі «Расатам». Яшчэ трое атрымалі траўмы і апёкі рознай ступені цяжкасці.
Баючыся радыяцыі жыхары Архангельску і Северадзвінску раскупілі ў аптэках ёд.
МГ belsat.eu