Расея здыме Беларусь з нафтавай іглы – бюджэт страціць мільярды долараў. Чаму гэта добра


На гэтым тыдні расейскі ўрад прыняў пакет законаў аб падатковым манеўры ў нафтагазавай галіне. Згодна з ім, экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты паступова знізіцца да нуля, адначасова адбудзецца раўнамернае павышэнне падатку на здабычу карысных выкапняў. Паводле экспертаў, новыя расейскія законы нанясуць наймацнейшы за апошнія 20 гадоў удар па беларускай эканамічнай мадэлі.

Пры сённяшніх коштах нафты Беларусь, закупляючы яе танней у Расеі, выйграе больш за $ 2,5 млрд за год – каля 5 % ад валавога ўнутранага прадукту.

«Сёння ўсе мыты на нафту і нафтапрадукты, ды нават на беларускую нафту, якая экспартуецца, ідуць у беларускі бюджэт», – кажа аглядальніца выдання «Белрынок» Таццяна Манёнак.

Эканомія на цэнах дасягаецца за кошт таго, што Расея абкладае экспарт сваёй нафты вывазным мытам, якое складае 30 % ад сусветнай цаны барэля. Але Беларусі Масква пастаўляе вуглевадародную сыравіну бязмытава. І хаця ў коштавай формуле для Беларусі закладзеная невялікая нацэнка ў параўнанні з унутрырасейскаю, вартасць для нашай краіны ўсё роўна амаль на чвэрць меншая за сусветную. Частку таннай нафты (сёлета – 6 млн тонаў) Менск рээкспартуе на Захад са сваёй нацэнкаю. Рэшту (18 мільёнаў тонаў) перапрацоўвае на Мазырскім ды Наваполацкім нафтаперапрацоўчых заводах. Каля 2/3 вырабленых там нафтапрадуктаў таксама прадаюцца на Захадзе.

«Па выніках мінулага года аб’ём нафтапрадуктаў склаў прыкладна $ 600 млн. Аб’ём мытаў ад размытнення расейскай нафты – прыкладна $ 582 млн. Гэта больш чым $ 1 млрд, які атрымлівае беларускі бюджэт», – дадае Манёнак.

З наступнага года да 2025-га Расея паступова знізіць экспартнае мыта на сваю нафту з існых 30 % да нуля. Адначасова павялічыцца падатак на здабыванне гэтай сыравіны. Такім чынам, расейская Дзяржаўная дума распачала адваротны адлік ліквідавання нафтавай субсідыі для афіцыйнага Менску. Беларусь больш не здолее спекуляваць расейскімі вуглевадародамі. Змяншэнне айчыннага ВУП на 5 % пры існым росце на 3,5 % (або меншым) азначае, што краіна зноў вернецца да стагнацыі, беспрацоўя ды выцякання з краіны валюты.

«Відавочна, што гэта будзе падвойны ўдар для бюджэту: як у форме недаатрыманых нафтавых мытаў, так і ў форме недаатрымання акцызаў на светлыя нафтапрадукты», – кажа аналітык «Businessforecast» Аляксандр Муха.

Удар будзе не разавы, а расцягнуты на 6 гадоў. Таму ўлады маюць магчымасць яго змякчыць, правёўшы рынкавыя рэформы ды знізіўшы залежнасць айчыннай эканомікі ад сыравіннай датацыі.

Адмыслоўцы сыходзяцца на тым, што сыравінная датацыя з боку Расеі ў доўгатэрміновай перспектыве больш шкодзіла дабрабыту грамадзянаў, чым дапамагала. Бо Аляксандр Лукашэнка накіроўваў атрыманыя нафтадолары на падтрыманне неэфектыўнай дзяржаўнай прамысловасці, здушваючы стварэнне эфектыўных працоўных месцаў у прыватным сектары.

Станіслаў Івашкевіч

Стужка навінаў