Расея завершыла будаўніцтва Крымскага мосту – туды ляціць Пуцін


Крымскі мост праз Керчанскую затоку. Фота – REUTERS/Pavel Rebrov

Мост у анексаваны Крым, які Расея будавала з 2015 году, гатовы да ўводу ў эксплуатацыю. 23 снежня Уладзімір Пуцін возьме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці.

Як паведамляе ТАСС са спасылкай на заказчыка будаўніцтва, Упраўленне федэральных аўтамабільных дарог «Тамань», чыгуначная частка так званага Крымскага моста гатовая да прыёму першых цягнікоў.

Першы цягнік па мосце рушыць з Санкт-Пецярбургу ў Севастопаль 23 снежня. Час у шляху складзе 43,5 гадзіны. На наступны дзень плануецца адправіць цягнік з Масквы ў Сімферопаль, які будзе ехаць 33 гадзіны.

Адзначаецца, што гарантыйны тэрмін службы моста пры належным абслугоўванні складае 100 гадоў, сцвярджае заказчык аб’екту. Улады мяркуюць, што канструкцыя «валодае неабходным запасам трываласці, каб працаваць у рэгіёне са складанай геалогіяй, высокай сейсмікай, рэгулярнымі ветравымі нагрузкамі, магчымым крыгаходам».

У прэс-службе Крамля заявілі, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 23 снежня наведае Крым для ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных адкрыццю чыгуначнага руху Крымскім мостам.

Будаўніцтва Крымскага моста вялося з 2015 году без дазволу Украіны, што зʼяўляецца парушэннем міжнароднага права. Удзел у будаўніцтве бралі 7 кампаніяў з Еўразвязу, у дачыненні да 6 з іх у ліпені 2018 году былі ўведзеныя санкцыі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў