Расея ўзяла ў палон 20 украінскіх маракоў. Шэсць з іх параненыя

Камандаванне ваенна-марскіх сілаў Украіна падае, што шэсць маракоў атрымалі раненні падчас штурму ўкраінскіх караблёў расейскім спецназам.

Паводле ўкраінскіх медыяў, агулам Расея ўзяла ў палон ад 20 да 23 чалавек.

Захопленыя катэр «Бердзянск» і буксір «Яны Капу» расейцы буксіруюць, катэр «Нікапаль» ідзе сваім ходам у суправаджэнні расейскіх караблёў.

Раніцай у нядзелю расейскі памежны катэр пратараніў украінскі буксір пры пераходзе групы ўкраінскіх караблёў з Чорнага ў Азоўскае мора.

Таксама Расея заблакавала Керчанскі праліў сваім танкерам і не пускае праз яго ўкраінскія караблі.

А 19:00 украінскія караблі пачалі рухацца на выхад з Керчанскага праліва, а расейскія пачалі іх пераследаваць.

Каля 20:30 расейскія вайскоўцы адкрылі агонь на паражэнне па ўкраінскіх суднам.

Каля 21:00 ФСБ захапіла ўкраінскія караблі.

Незадоўга да поўначы Пятро Парашэнка падтрымаў рашэнне вынесці на галасаванне Вярхоўнае Рады пытанне аб увядзенні надзвычайнага становішча ўва Украіне.

ДД

Hавiны