«Reuters»: Расея можа спыніць экспарт нафты ў Беларусь 1 студзеня


У выніку адсутнасці дамоўленасцяў паміж Масквой і Менскам адносна ўмоваў паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ у 2020 годзе, прапампоўка сыравіны з 1 студзеня можа быць спыненая, паведамляе «Reuters».

Масква і Менск пакуль не дамовіліся пра кошты на нафту, тарыф на транзіт расейскай сыравіны праз Беларусь, а таксама пра кампенсацыю за падатковы манеўр. Існыя дамовы завершацца 31 снежня. У выніку з 1 студзеня Расея, калі дамоваў не будзе, можа прыпыніць пастаўкі нафты ў напрамку Беларусі.

Рэканструкцыя нафтапроваду Дружба памім Мазыром і Берасцем у кастрычніку 2018-га. Фота – Forum / ТАСС

Па стане на раніцу 31 снежня ў Беларусь не было аформлена ніводнай тоны нафты з Расеі, паведамілі «Reuters» крыніцы, знаёмыя з афармленнем маршрутных даручэнняў. У выніку, калі не будзе падпісаных дамоваў, пастаўкі нафты ў Беларусь прыпыняцца. Але для Расеі гэта будзе азначаць з’яўленне дадатковых экспартных абʼёмаў нафты маркі Urals на іншых кірунках, у прыватнасці ў балтыйскіх партах. Нафтакампаніям Расеі прыйдзецца пераразмеркаваць каля 2 мільёнаў тон нафты ў студзені.

«Транснефть» зможа накіраваць у выпадку прыпынення паставак у Беларусь каля 1,5 мільёна тон сыравіны ў марскія парты і яшчэ каля 0,5 мільёна тон – у сховішчы.

«Поўнага абʼёму паставак паводле графіку ўжо дакладна не будзе, а ці пойдзе ў студзені хоць нешта – залежыць ад перамоваў», – паведамляе адна з крыніцаў у галіне.

«Транснефть». Фото: Peter Kovalev/TASS/Forum

Напярэдадні кіраўнікі Расеі і Беларусі больш за гадзіну размаўлялі па тэлефоне. Размова праз тэлефон працягнулася і сёння, 31 снежня. Але ў пытанні паставак нафты і газу канчатковых дамоўленасцяў Лукашэнка і Пуцін не дасягнулі.

«У выпадку калі да 1 студзеня дадзеныя пытанні вырашыць не паспеюць, паводле дамоўленасцяў кіраўнікоў дзяржаваў, чальцы ўрадаў выпрацуюць кампрамісны прамежкавы варыянт умоваў паставак нафты і газу ў Беларусь, да канчатковага прыняцця рашэнняў прэзідэнтамі. Якія, у сваю чаргу, пры неабходнасці сустрэнуцца для абмеркавання і прыняцця захадаў пасля калядных святаў у сярэдзіне студзеня», – сказана ў паведамленні прэс-службы кіраўніка Беларусі.

У сваю чаргу Беларускія НПЗ пачалі рыхтавацца да магчымых наступстваў з прыпыненнем паставак нафты. У прыватнасці прадпрыемствы пачалі зніжаць загрузку і рабіць запасы сыравіны.

Hавiны
Лукашэнка больш за гадзіну размаўляў з Пуціным па тэлефоне
2019.12.30 20:26

СК belsat.eu

Стужка навінаў