Расея кажа, што «Google» умешваецца ў яе ўнутраныя справы


Офіс кампаніі «Google» у Нью-Ёрку. Фота – Brendan McDermid/Reuters/Forum

Расейская служба па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогіяў і масавых камунікацыяў патрабуе ад міжнароднай карпарацыі прыняць захады супраць «рэкламавання несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў» на «YouTube’е».

Раскаманагляд піша аб паведамленнях пра акцыі, скіраваных «на зрыў выбараў федэральнага і рэгіянальнага значэння» – нібыта іх атрымліваюць людзі, не падпісаныя на каналы відэасэрвісу, якія гэтыя паведамленні дасылаюць.

Прэс-рэліз ведамства супаў па часе з заяваю старшыні камітэту Савету Федэрацыі па міжнародных справах Андрэя Клімава аб «маніпуляцыях» з-за мяжы грамадзянамі Расеі, якія прыйшлі на дазволеную ўладамі акцыю на плошчу Сахарава ў Маскве.

«Людзі раптам пачалі атрымліваць на свае гаджэты інфармацыю з крыніцаў, на якія ніколі не падпісваліся. Бяда ў тым, што гэтая інфармацыя насіла відавочна падбухторшчыцкі характар і фактычна адкрыта правакавала людзей на парушэнне закона: скіроўвала грамадзянаў у бок федэральных аб’ектаў, якія ахоўваюцца», – цытуе сенатара ТАСС.

«Калі «Google» не прыме захадаў, Расея расцаніць гэта як умяшанне ў суверэнныя справы дзяржавы, а таксама варожае ўздзеянне і перашкоду правядзенню дэмакратычных выбараў у Расеі, пакідаючы за сабой права на адэкватную рэакцыю», – дадалі ў Раскамнаглядзе.

Пра рэакцыю «Google» на заяву расейскіх чыноўнікаў пакуль не вядома.

З сярэдзіны ліпеня ў Маскве праходзяць акцыі пратэсту з патрабаваннем дапусціць да выбараў апазіцыйных кандыдатаў у Масгардуму, а таксама спыніць крымінальныя справы супраць удзельнікаў пратэстаў.

На пятую па ліку акцыю пратэсту 10 жніўня прыйшло каля 50 тысячаў чалавек. Пасля заканчэння дэманстрацыі АМАП затрымаў больш за 240 мірных масквічоў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў