Расея і ЗША не здолелі дамовіцца вакол сітуацыі ў Венесуэле


Расея і ЗША надалей не бачаць агульных падыходаў па пытанні ўрэгулявання Крызісу ў Венесуэле. Пра гэта заявілі прадстаўнікі абедзвюх пасля перамоваў у Рыме. Вострыя пытанні абмяркоўвалі Эліат Абрамс, спецпасланнік адміністрацыі Трамп па Венесуэле, і намеснік міністра замежных спраў РФ Сяргей Рабкоў.

«Мы не прыйшлі да згоды, але перамовы былі пазітыўнымі ў тым сэнсе, што кожны з бакоў праявіў лепшае разуменне поглядаў іншага боку», – сказаў Абрамс журналістам, піша DW.DE.

Ён таксама назваў «цалкам праўдападобнай» новую сустрэчу, але дату не назваў.

Па словах Абрамса, на якога спасылаецца агенцтва Reuters, каменем перапоны стала пытанне, «хто з’яўляецца прэзідэнтам Венесуэлы». Масква адзначыў ён, лічыць адзіным легітымным кіраўніком Венесуэлы Нікаляса Мадура, ЗША і вялікая група краінаў свету прызнаюць часовага прэзідэнта Венесуэлы Хуана Гуаідо.

У сваю чаргу, у размове з расейскімі СМІ, Рабкоў падкрэсліў неабходнасць дыялогу з ЗША, але перасцярог Вашынгтон ад ваеннай інтэрвенцыі ў Венесуэлу. Па словах дыпламата, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «у дачыненні Венесуэлы ёсць усе магчымыя варыянты», што Расея інтэрпрэтуе як адмову ад выключэння ваеннай сілы. Эліат Абрамс заявіў, што Белы дом выбраў шлях аказання «палітычнага, фінансавага і дыпламатычнага ціску» на рэжым у Венесуэле.

Раней Абрамс сустрэўся з чыноўнікамі з ураду Італіі, адной з чатырох краін ЕЗ, якая не падтрымала Хуана Гуаідо ў якасці часовага прэзідэнта Венесуэлы. Акрамя таго, Абрамс наведаў Ватыкан. Ён адзначыў, што каталіцкая царква карыстаецца павагай і аўтарытэтам у Венесуэле, але сказаў, што пакуль не вядома, якую ролю можа згуляць Ватыкан у палітычным крызісе ў паўднёваамерыканскай краіне. Раней паведамлялася, што Папа Рымскі Францішак напісаў ліст кіраўніку Венесуэлы Нікалясу Мадура, у якім адзначыў, што Ватыкан яшчэ не гатовы ўмешвацца дзеля пасярэдніцтва.

https://naviny.belsat.eu/programs/padzeya-sezonu-liveaid-kantsert-salidarnastsi-z-venesuelaj/

СК, belsat.eu

Стужка навінаў