Расея гатовая пайсці на саступкі Беларусі ў пытанні крэдыту на БелАЭС


Расея можа рэструктураваць крэдыт на будаўніцтва Беларускай АЭС. Пра гэта паведамляе «Интерфакс-Запад» са спасылкай на крыніцу, знаёмую з праектам пратакола аб унясенні зменаў у пагадненне дзвюх краін.

Міжурадавае пагадненне аб наданні Беларусі крэдыту для будаўніцтва атамнай АЭС, якое прадугледжвае вылучэнне да $ 10 млрд, было падпісанае 25 лістапада 2011 года. Сродкі вылучаныя для фінансавання 90 % кошту працы на будаўніцтва станцыі.

На 1 красавіка 2020 года было выкарыстана $ 4,33 млрд сродкаў крэдыту. Прагнозны кошт праекту будавання АЭС, паводле «Росатому», не перавысіць $ 6 млрд, паведамляе крыніца выдання.

Паводле яе, Масква падрыхтавала і папярэдне ўзгадніла з Менскам змены ў пагадненне.

Дакумент прадугледжвае падаўжэнне перыяду выкарыстання крэдыту на 2 гады – да канца 2022 года, замену дзейнай «змяшанай» працэнтнай стаўкі па крэдыце на фіксаваную ў памеры 3,3 % гадавых, а таксама перанос даты пачатку пагашэння асноўнага доўгу паводле крэдыту з 1 красавіка 2021 года на 1 красавіка 2023 года.

Агульны фінансавы эфект ад рэструктурызацыі запазычанасці Беларусі ў выніку мае быць супастаўным з адначасовым дараваннем абавязкаў краіны на суму каля $ 600 млн.

Hавiны
Лукашэнка: Калі Расея не пасунецца ў крэдыце на БелАЭС, Беларусь можа ўвесці санкцыі
2020.02.14 13:17

Раней беларускі бок неаднаразова ініцыяваў зніжэнне стаўкі па крэдыце на будаўніцтва БелАЭС.

Гэтак, у лютым кіраўнік Беларусі адзначыў, што расейцы павінны былі ў 2018 годзе ўвесці першы энергаблок АЭС, а ў 2019-м – другі, «але сарвалі тэрміны, а там велізарныя штрафныя санкцыі».

Лукашэнка падкрэсліў, што ў Сочы Уладзімір Пуцін заявіў, што дзяржаўны бюджэт РФ не гатовы да такіх выплатаў. На гэта беларускі кіраўнік прапанаваў скараціць адсотак паводле крэдыту да таго ўзроўню, як Расея будуе станцыі ў Венгрыі ды ў В’етнаме (дзесьці каля 3%).

«Мы не будзем уводзіць санкцыі, і гэта як раз тое на тое і прыйдзецца. І крэдыт, калі вы тэрміны сарвалі, мы пачнем выплачваць не праз два гады, а праз пяць. Лагічна? Лагічна. Няўтульна, нязручна, але вырашылі, што ў гэтым плане мы будзем дамаўляцца: іншага не дадзена. Ці мы ўводзім санкцыі за пратэрміноўку (а там вялікія грошы), або яны пасоўваюцца па крэдыце», – сказаў Лукашэнка.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў