Даля Грыбаўскайце сыходзіць. Літва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў


Асноўныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта Літвы не збіраюцца мяняць курс у дачыненні да Расеі, якую ў Літве пасля падзеяў у Крыме і на ўсходзе Украіны лічаць агрэсарам. 12 траўня ў краіне пройдзе першы тур прэзідэнцкіх выбараў і адразу два рэферэндумы, паведамляе ВВС.

Існы прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце займае гэтую пасаду з 2009 года. У свой час яна ўстанавіла нацыянальны рэкорд, паколькі атрымала 69 % галасоў ужо ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў.

На гэты раз выбары наўрад ці абмяжуюцца адным турам: паводле апытанняў, ніхто з кандыдатаў не атрымае больш за 50 % галасоў.

Лідары гонкі

Паводле апытання кампаніі Spinter tyrimai выйсці ў другі тур найбольшыя шанцы маюць кандыдатка ад кансерватараў Інгрыда Шыманіце, эканаміст, беспартыйна кандыдат Гітанас Наўседа і дзейны прэм’ер Саўлюс Скверняліс.

Кандыдатка ў прэзідэнты Літвы Інгрыда Шыманіце. Фота REUTERS /Ints Kalnins

Але рэйтынгі не да канца адлюстроўваюць існую сітуацыю.

«Асноўная інтрыга выбараў у тым, ці зможа Саўлюс Скверняліс, які з’яўляецца несістэмным апанентам супраць двух галоўных кандыдатаў Гітанас Наўседа і Інгрыда Шыманіце, якія прадстаўляць інтарэсы кансерватыўнай партыі, патрапіць у другі тур. Пакуль што рэйтынгі не на яго карысць. Але часам здараецца так, што прэферэнцыі выбарнікаў непрадказальныя», – адзначыў «Белсату» Вадзім Валавы, старэйшы эксперт Цэнтру геапалітычных даследаванняў Літвы.

Кандыдат на прэзідэнцтва Саўлюс Сквярняліс узначальвае ўрад Літвы з 2016 году. Фота REUTERS/Ints Kalnins

Не варта чакаць пасля выбараў і асаблівых зменаў у вонкавай палітыцы краіны пасля выбараў.

«Наўрад ці выпадае казаць, што пасля выбараў прэзідэнта ў Літве нейкім чынам памяняецца вонкавая палітыка. Наагул гэта вельмі складана зрабіць паводле аб’ектыўных прычынаў. Тым больш што два галоўныя кандыдаты прадстаўляюць па-сутнасці кансерватыўную партыю. Што да ўнутранай палітыкі, то Скверняліс выступае за скарачэнне сацыяльнай няроўнасці ў Літве. Іншыя кандыдаты трымаюцца больш ліберальнага курсу. Наагул, калі і ёсць адрозненні ў праграмах палітыкаў, то яны неістотныя. Але гэта асаблівасць сучасных выбараў, бо кандыдаты цяпер намагаюцца спадабацца ўсім», – працягвае Вадзім Валавы.

Адначасова з першым турам выбараў у Літве праходзяць два рэферэндумы. Адзін з іх – пра дазвол падвойнага грамадзянства з краінамі, «адпаведнымі крытэрам абранай Літвой еўрапейскай і трансатлантычнай інтэграцыі».

Кандыдат у прэзідэнты Літвы Гітанас Наўседа. Фота REUTERS /Ints Kalnins

Спіс краінаў будзе вызначаны пазней. Паводле досведу з суседняй Латвіяй можна выказаць здагадку, што падвойнае грамадзянства, напрыклад, з Расеяй дапускацца не будзе.

Па словах палітолага Лінаса Каялы, пытанне падвойнага грамадзянства абмяркоўваецца ў краіне практычна з часоў аднаўлення незалежнасці і становіцца ўсё больш вострым па меры росту колькасці літоўцаў, якія жывуць за межамі Літвы.

Другі рэферэндум – пра скарачэнне колькасці дэпутатаў парламента з 141 да 121. Тут, па словах палітолага, ініцыятарам выступіла кіроўная партыя. Ідэя звязаная з нізкай папулярнасцю інстытута палітычных партыяў і ўсяго парламенту.

Абодва пытання прадугледжваюць змяненне артыкулаў Канстытуцыі, таму выносяцца на грамадскае абмеркаванне.

Hавiны
Хто стане наступным прэзідэнтам Літвы: у рэйтынгу кандыдатаў змены
2019.05.09 16:08

СК belsat.eu

Стужка навінаў