Расейцаў з Егіпту будзе эвакуяваць «Белавія»


Аператыўны штаб па папярэджанні завозу і распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі на тэрыторыі Расеі даў даручэнне Міністэрству транспарту гэтай краіны зарганізаваць вываз расейскіх грамадзянаў з Егіпту з прыцягненнем сілаў і сродкаў беларускага нацыянальнага перавозніка, падае прэсавая служба расейскага ўраду. Расейскія самалёты не лётаюць у Егіпет з 2015 года.

«Белавія» будзе эвакуяваць расейскіх турыстаў з Егіпту ў лік сваёй запазычанасці перад Расеяй за аэранавігацыйныя паслугі.

Мяркуючы па даце меркаванай справаздачы перад урадам (25 сакавіка), Міністэрства транспарту мае скончыць вываз турыстаў беларускімі самалётамі да чацвярга.

23 сакавіка Федэральнае агенцтва па турызме паабяцала, што да 31 сакавіка дадому вернуцца «амаль усе» зарганізаваныя турысты з Расеі – то бок, тыя, хто знаходзіцца за мяжой па лініі расейскіх турагенцтваў.

19 сакавіка стала вядома, што Белавія вывозіць з Егіпту грамадзянаў Расеі, якія выкупілі пуцёўкі ў беларускіх тураператараў.

«Расейцы лёталі ў Егіпет праз нашыя турфірмы, у іх выкупленыя месцы назад. Гэтак жа, як і грамадзяне Беларусі, яны атрымаюць месца ў самалёце. У нас няма тут ніякіх падзелаў», – заявіў намеснік дырэктара дэпартаменту па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч.

З 17 па 23 сакавіка 2020 года колькасць расейскіх зарганізаваныз турыстаў за мяжоў скарацілася са 100 тысячаў чалавек да 58 тыс. Большасць арганізаваных турыстаў вяртаюцца ў Расею з краінаў Паўднёва-Усходняй Азіі, краінаў Карыбскага басейну і Турцыі.

Паветранае злучэнне паміж Расеяй і Егіптам спынілася ў 2015 годзе пасля крушэння расейскага борту, які ляцеў з Шарм-эль-Шейху ў Санкт-Пецярбург. З таго часу Расея лічыць аэрапорты Егіпту небяспечнымі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў