Расейскія вайскоўцы, якія выпадкова запусцілі ракету ў Крыме, заплацяць $ 486 тыс.

Двум расейскім вайскоўцам давядзецца выплаціць Міністэрству абароны РФ 31 млн расейскіх рублёў (каля 486 тыс. долараў) за тое, што яны ў ангары сваёй частцы на аэрадроме ў Крыме выпадкова запусцілі авіяцыйную ракету Х-29ТД. Пра гэта піша «Коммерсантъ».

Рашэннем Крымскага гарнізоннага вайсковага суду двое вайскоўцаў прызнаныя вінаватымі ў парушэнні правілаў абыходжання са зброяй, што ўяўляе павышаную небяспеку для іншых. Ім таксама прызначалі абмежаванні па ваеннай службе, падчас якога іх нельга будзе павысіць на пасадзе і ў званні, з утрыманнем часткі грашовага забеспячэння ў даход дзяржавы.

У выніку выбуху на вайсковым аб’екце ў Расеі загінулі пяць працаўнікоў «Расатаму»

1 кастрычніка 2017 года тэхнікі авіячасткі з дапамогай комплексу «Ака» правяралі тэхнічны стан авіяцыйных кіраваных сродкаў паражэння, у тым ліку дзвюх ракет Х-29ТД. Парушыўшы рэгламент работ, вайскоўцы не праверылі спраўнасць чэкавых механізмаў адной ракеты. У выніку пры падачы току авіяцыйная ракета класа «паветра-паверхня» адправілася ў палёт.

Абышлося без выбуху і ахвяраў. Ракета знесла вароты і частку сцяны ангару, знішчыўшы па шляху розную апаратуру і яшчэ адну Х-29ТД.

МГ belsat.eu

Hавiны