Расейскі ўрад падаў ў адстаўку. Мядзведзеў сыходзіць у Савет бяспекі


Пасля паслання прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна да Федэральнага сходу ўрад краіны падаў у адстаўку. Пра гэта паведаміў Дзмітрый Мядзведзеў пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.

Рашэнне Мядзведзеў агучыў на фоне абвешчаных прэзідэнтам прапановаў аб змене Канстытуцыі.

«Гэтыя змены, калі яны будуць прынятыя, імаверна, гэта будзе зроблена пасля абмеркавання, як гэта было сказана, яны ўнясуць істотныя змены не толькі ў цэлы шэраг артыкулаў Канстытуцыі, але і ў цэлым у баланс улады, улады выканаўчай, улады заканадаўчай, улады судовай. У гэтым кантэксце відавочна, што мы як урад Расейскай Федэрацыі мусім прадаставіць прэзідэнту нашай краіны магчымасць прымаць усе неабходныя рашэнні, і ў гэтых умовах, я лічу, што было правільным у адпаведнасці з арт. 117 Канстытуцыі РФ, урад Расейскай Федэрацыі ў цяперашнім складзе падаў у адстаўку», – сказаў Мядзведзеў, якога цытуе «Коммерсант».

Прэзідэнт даручыў старому складу выконваць абавязкі да прызначэння новага ўрада. Дзмітрыю Мядзведзеву кіраўнік Крамля прапанаваў заняць пасаду намесніка кіраўніка Савету бяспекі Расеі.

«Дзмітрый Анатолевіч заўсёды займаўся гэтымі пытаннямі і, з пункту гледжання павышэння нашай абараназдольнасці і бяспекі», – заявіў прэзідэнт, якога цытуе ТАСС.

Таксама Уладзімір Пуцін падзякаваў ураду за працу і выказаў задаволенасць дасягнутымі вынікамі. «Не ўсе зразумела атрымалася, але ўсё ніколі і не атрымліваецца ў поўным аб’ёме», – заявіў прэзідэнт.

Дзмітрый Мядзведзеў займаў пасаду старшыні ўраду з 2012 года. Такім чынам, Мядзведзеў стаў абсалютным рэкардсменам у найноўшай гісторыі Расеі паводле часу працы на чале кабінета міністраў – больш за сем гадоў і восем месяцаў (2 тысяч 808 дзён). Да гэтага з 2008 года Мядзведзеў быў прэзідэнтам Расеі.

Пасля заявы Мядзведзева аб адстаўцы ўрада курс рубля ўпаў, сведчаць дадзеныя Маскоўскай біржы. Па стане на 16:47 паводле маскоўскага часу долар умацаваўся на 0,22% да 61,58 рубля, еўра – 0,41% да 68,65 рубля.

ДШ/МВ, belsat.eu

Стужка навінаў