«Рана ці позна каранцін абвесцяць». Патолагаанатам з Нью-Ёрку – аб тым, як будзе развівацца эпідэмія ў Беларусі

27 сакавіка 2020 года. Улады Нью-Ёрку паставілі каля бальніцы Bellevue на Манхэтэне восем рэфрыжэратараў у якасці часовых моргаў з мэтай справіцца з колькасцю патэнцыйных смяротных ахвяраў эпідэміі каронавірусу. Фота: Marcus Santos / Zuma Press / Forum

Лекар-паталагаанатам аднаго з гарадскіх шпіталяў Нью-Ёрку, ураджэнка Беларусі Анастасія Пігаль распавядае «Белсату», як змянілася яе праца з пачаткам эпідэміі, якіх людзей не стае беларускаму Міністэрству аховы здароўя і чаму нашыя лекары могуць павучыцца ад войска ЗША.

Дзяніс Дзюба: Чым можна растлумачыць тое, што ЗША выйшлі на першае месца ў свеце па колькасці хворых COVID-19? Дзе амерыканцы дапусцілі галоўныя памылкі ў стрымліванні эпідэміі?

Анастасія Пігаль: Шмат з таго, што робіць ЗША краінай, спрыяльнай для бізнесу, прыносіць і рызыку для распаўсюджвання інфекцыяў – вялікі паток падарожнікаў, шчыльна населеныя гарады і разнастайнасць культур. Пытанне, што можна было зрабіць лепш у пачатку эпідэміі, будуць вывучаць эксперты ў бліжэйшыя месяцы, па меры развіцця сітуацыі. Гэта незнаёмая праблема для сучаснага грамадства і палітыкаў. Таму частка ўрокаў гэтай эпідэміі, на жаль, будуць атрыманыя на ўласных памылках.

Адной з асноўных прычынаў павольнай рэакцыі на надыходзячую эпідэмію называюць тое, што амерыканская сістэма аховы здароўя запазнілася з пастаўкамі набораў для тэстаў на этапе, калі яшчэ можна і трэба было адсочваць інфікаваных людзей. Тыдзень затрымкі з пачаткам жорсткага каранціну ў вялікім горадзе можа азначаць тысячы новых хворых.

Зараз, у сітуацыі, калі вірус прысутнічае ў вялікай колькасці здаровых носьбітаў і лёгкахворых, шырокае тэставанне не мае сэнсу. Сацыяльнае дыстанцыяванне і ізаляцыя хворых сталі асноўным спосабам барацьбы з ростам хворых. Таму, а яшчэ каб зэканоміць сродкі абароны, тэставанне нядаўна сталі рабіць толькі сур’ёзна хворым людзям і медыкам – там, дзе вынік будзе карысны для пацыента або грамадства.

Лекар-патолагаанатам Анастасія Пігаль. Фота з архіву гераіні матэрыялу

Дарэчы, у штаце Нью-Ёрк тэсты бясплатныя. Лячэнне ж хутчэй за ўсё будзе аплачвацца страхоўкай. Шпіталі, якія належаць гораду, абслугоўваюць людзей і без страхоўкі.

Як эпідэмія адбілася на вашай працы?

Адразу скажу, што ў ЗША ёсць невялікая розніца ў арганізацыі лабараторый. Тут патолагаанатамы могуць загадваць як клінічнай, так і анатамічнай лабараторыяй, ці нават двума адначасова. У Беларусі гэта асобныя медычныя спецыяльнасці. Таму лекар-патолагаанатам у Штатах часам бывае ўцягнуты ў арганізацыю клінічных тэстаў.

З пачаткам эпідэміі частка супрацоўнікаў нашай, анатамічнай, лабараторыі пачала дапамагаць іншым падраздзяленням апрацоўваць і ўводзіць вынікі тэстаў на вірус, якія прыходзяць з іншых лабараторый.

Акрамя ўніверсальных пытанняў дадаюцца спецыфічныя клопаты: напрыклад, вырашыць што рабіць, калі колькасць памерлых перавысіць магчымасці часовага захоўвання ў шпіталі. Падобныя задачы зараз стаяць перад кожным шпіталем у горадзе. Мы ўсе бачым, што адбываецца ў Італіі.

28 сакавіка 2020 года. Медыкі транспартуюць пацыентку да машыны хуткай дапамогі падчас эпідэміі каронавірусу ў Нью-Ёрку. Фота: Stefan Jeremiah / Reuters / Forum

Таксама даводзіцца думаць, як падтрымаць працоўны настрой у калектыве. Натуральна, што людзі перажываюць за сябе і за сваіх блізкіх, назіраючы, што адбываецца вакол. Асабліва трывожаць навіны пра сур’ёзна хворых супрацоўнікаў шпіталя.

На пачатку эпідэміі ў Італіі лекары часта заражаліся самі і перадавалі вірус іншым людзям. У сілу прафесіі медыкі рызыкуюць захварэць больш астатніх людзей. Наколькі высокая гэтая рызыка сярод патолагаанатамаў у сувязі з іх працай?

Італьянскія лекары раяць зараз падыходзіць да любога пацыенту і нават да здаровага чалавека як да інфікаванага. Для лабараторыі гэтая канцэпцыя не новая: у дыягнастычнай працы патолагаанатамаў рызыка інфекцыі прысутнічае заўсёды. Таму да любога кавалачку жывой тканіны чалавека, нават біяпсіі, мы ставімся як да заражанага.

Сухоты – класічны прыклад устойлівай інфекцыі, якая можа трапляць у паветра падчас даследавання. Ахоўныя сродкі пры каронавіруснай інфекцыі будуць падобныя на тыя, якія выкарыстоўваюцца пры падазрэнні ў пацыента на сухоты.

27 сакавіка 2020 года. Медычныя работнікі выглядаюць з палаткі, якая пабудаваная на тэрыторыі Бруклінскага бальнічнага цэнтру ў Нью-Ёрку для правядзення тэстаў на каронавірус. Фота: Andrew Kelly / Reuters / Forum

Для тых, хто праводзіць ускрыцці, спецыялісты цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША (CDC) выпусцілі дадатковыя падрабязныя рэкамендацыі па выкананню правілаў бяспекі.

Ваш подпіс з’явіўся пад адкрытым лістом беларускіх лекараў замежжа да ўладаў Беларусі з дзевяццю патрабаваннямі, сярод якіх – увядзенне ў краіне каранціну і своечасовае інфармаванне аб статыстыцы захворвання і мерах барацьбы з эпідэміяй. Як на гэты ліст адрэагавала Міністэрства аховы здароўя, а як – звычайныя лекары?

Чакаць прамую рэакцыю ад уладаў на гэты зварот, як і на мноства моцных выступаў у прэсе, не даводзіцца па шмат якіх вядомых прычынах. Мы нічога новага не сказалі ў звароце, толькі выклалі на адной старонцы тое, што ўжо даўно прагучала з розных вуснаў.

Мне падалося, што каментары Міністэрства аховы здароўя сталі смялейшымі, хутчэй за ўсё ў адказ на магутную хвалю інфармацыі і пратэсту ў незалежнай прэсе. Але пакуль нічога не мяняецца, пакуль людзі ходзяць на канцэрты і ў госці, тоўпяцца ў метро ці чарзе, гэтыя каментары ўладаў не маюць сэнсу.

27 сакавіка 2020 года. Жыхары Нью-Ёрку ў ахоўных касцюмах падчас наведвання прадуктовай крамы ў перыяд эпідэміі каронавірусу. Фота: Starmax / Backgrid / Backgrid UK / Forum

Наколькі я ведаю, лекары ў Беларусі здагадваюцца аб становішчы ў краіне, бо праводзяцца вучэнні, мяняюцца расклады і вызваляюцца бальніцы, але без аб’ектыўнай статыстыкі планаваць якія-небудзь лакальныя меры складана. У форумах лекараў пакуль прысутнічае ўвесь спектр меркаванняў – гэтак жа як і ў грамадстве. Не варта забываць, што большасць рускамоўных форумаў знаходзяцца на расейскіх серверах і ўлады абедзвюх краін маюць доступ да гэтай інфармацыі.

У Віцебску памерла жанчына, якая паступіла ў бальніцу з пнеўманіяй і таму здала тэст на каронавірус. Паводле Міністэрствам аховы здароўя, ён быў адмоўны, але некаторыя сваякі не вераць гэтаму. Ці можна ўсталяваць ад чаго менавіта памірае пацыент пры наяўнасці ў яго некалькіх хваробаў, у тым ліку каронавіруса?

Вірус можна вызначыць у мазку або ва ўзоры тканіны лёгкага і пасля смерці – калі тэст наагул будзе зроблены. Толькі такім чынам можна пацвердзіць інфекцыю і паставіць дыягназ – як перад, так і пасля смерці. Змены ў тканінах пры каронавірусе неспецыфічныя, то бок падобныя змены могуць адбыцца па розных прычынах. Аднак у спакойны час такія выпадкі хваробы лёгкіх бываюць нячаста. І павелічэнне колькасці памерлых з аднолькавымі праявамі можа сведчыць аб агульнай прычыне, у дадзеным выпадку аб каронавірусе.

«$ 400 за тое, што не трымалі дыстанцыю». Беларусы ЗША – пра тое, як каранцін змяніў Амерыку

Рашэнне ж, што назваць у якасці асноўнай прычыны смерці, у руках лекара. Тут заўсёды прысутнічае доля суб’ектыўнасці, якая ў першую чаргу залежыць ад вопыту і ведаў спецыяліста, а таксама наяўнасці дакладных апублікаваных крытэрыяў таго ці іншага захворвання. Зразумела, што наяўнасць тэстаў або рашэнне іх выкарыстоўваць – у падпарадкаванні адміністрацыі.

Дапусцім, улады адгукнуліся на заклік грамадства і ўвялі ў краіне каранцін. Што важна было б зрабіць далей?

Рана ці позна ў Беларусі будзе абʼяўлены каранцін. Вядома, чым пазней гэта будзе зроблена, тым больш сурʼёзнай будзе хваля цяжкіх хворых, тым менш людзей зможа выжыць і тым больш медыкаў пацерпіць. Большасць краін зараз сфакусавалася на тым, каб разгрузіць сістэму тэрміновай медычнай дапамогі. Напрыклад, многія клінікі ў ЗША перавялі сваю амбулаторную дапамогу на бескантактавую аснову – па тэлефоне або інтэрнэце.

28 сакавіка 2020 года. Пасажырка гарадскога аўтобусу ў Нью-Ёрку ў ахоўнай масцы. Фота: Vanessa Carvalho / Zuma Press / Forum

Тэлемедыцына перажывае свой самы круты ўздым. Яна дазваляе вялікай колькасці пацыентаў атрымаць кансультацыю, не падвяргаючы рызыцы медыкаў і навакольных. Лекары пры гэтым займаюцца свайго роду ўпарадкаваннем пацыентаў і накіроўваюць патокі людзей у залежнасці ад цяжару і наяўнасці месцаў. У некаторых месцах у гэтыя дні больш 90% візітаў праходзяць дыстанцыйна. Пацыенты з лёгкім цягам хваробы застаюцца ўдома на цвёрдым каранціне пад дыстанцыйным наглядам лекара. Толькі цяжкія хворыя трапляюць у больніцу.

Медсястра з Нью-Ёрку: Гэта проста катастрофа. Каронавірус знішчае людзей

Намаганняў адной дзяржавы было б недастаткова каб арганізаваць падобную службу ў Беларусі. Але разам з валанцёрскімі групамі з IT-кампаніяў, я думаю, гэта рэальна. Менавіта таму так важнае супрацоўніцтва дзяржаўных структураў з грамадскімі ініцыятывамі. Таму так важна з боку дзяржавы стварэнне ўмоваў узаемнага даверу і адкрытасці ў вырашэнні гэтай беспрэцэдэнтнай задачы.

Што можна адказаць крытыкам каранціну – тым, хто звяртае ўвагу на яго эканамічныя наступствы? Ці не варта павучыцца ў Швецыі, якая ўвяла частковы каранцін, які дазваляе не заглухнуць эканоміцы?

Жорсткія каранцінныя меры ў маштабах краіны – цяжкае выпрабаванне для многіх людзей. Мы чуем размовы аб глыбокім эканамічным спадзе. На персанальным узроўні гэта можа азначаць страту працы і сродкаў да існавання тысяч людзей. Гэта цяжка нават для жыхароў развітых краін.

28 сакавіка 2020 года. Пустыя ваколіцы Гарлему на Манхэттане ў Нью-Ёрку падчас эпідэміі каронавірусу. Фота: Vanessa Carvalho / Zuma Press / Forum

Дзяржава можа дапамагчы зніжэннем падаткаў, забаронай на высяленне з кватэры за нявыплату, або абавязковай адтэрміноўкай выплат па крэдытах, а таксама інвеставаннем у моцна пацярпелыя галіны і малы бізнес. Менавіта на такія выпадкі дзяржавы ствараюць рэзервовыя фонды. Не выпадкова на днях у навінах прайшлі заявы кіраўнікоў розных краін аб вялікіх дзяржаўных праграмах аднаўлення эканомікі.

Калі разбушуецца каронавірус, колькі беларусам спатрэбіцца апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх?

Аднак урады далёка не ўсіх краін згодныя ісці на радыкальныя меры па абмежаванні распаўсюджвання эпідэміі, лічачы, што гэта занадта моцна ўдарыць па эканоміцы. Пытанне, ці варта ахвяраваць прыбыткам дзяржавы дзеля захавання абстрактных, на дадзены момант, чалавечых жыццяў, з разраду філасофскіх. Гэта пытанне базавых каштоўнасцяў. У тым ліку базавых каштоўнасцяў кожнага з нас. Вельмі магчыма, што ў далёкай перспектыве і эканамічны выйгрыш будзе на баку дзяржаваў, якія засцерагаюць свой народ. Пакуль мы не ведаем адказаў на многія пытанні, але бачым, што многія краіны, якія пачалі з мяккіх мераў, вымушаныя былі ў наступстве зрабіць каранцін больш жорсткім.

Што б вы параілі цяпер беларускім медыкам?

Большая частка задач, якія стаяць перад беларускай медыцынай сёння знаходзяцца ў плоскасці арганізацыі. Гэта датычыць любой краіны, што сутыкнулася з эпідэміяй. Такі складаны комплекс праблемаў патрабуе зладжанай працы таленавітых мэнэджэраў і спецыялістаў у розных галінах. Патрэбныя творчыя людзі са здольнасцю прагназаваць сітуацыю і браць на сябе рызыку і вялікую адказнасць. Беларусь багатая такімі людзьмі.

На жаль, цяперашняя вертыкаль кіравання аховай здароўя ў Беларусі дагэтуль падбірала кіраўнікоў па іншых якасцях. Напрыклад, хтосьці павінен набрацца смеласці і абвясціць, што ў краіне ўжо шырока распаўсюджваецца вірус і што эпідэмія перайшла ў новую фазу, з якой трэба змагацца іншымі метадамі. Але, мы бачым, што ніхто на сёння не ўзяў на сябе гэтай адказнасці.

28 сакавіка 2020 года. Амерыканскія вайскоўцы падчас праверкі аўтамабіляў пасля распараджэння губернатара Род-Айленду ізаляваць жыхароў Нью-Ёрку, якія ўязджаюць на тэрыторыю штата. Фота: Oliver Doyle / Reuters / Forum

Ёсць сведчанні аб тым, як у амерыканскай арміі памяняўся падыход да крызісных сітуацыяў ад «заўсёды падпарадкоўвайся загаду» да «калі загад выглядае няслушным, дзейнічай як лічыш правільным». Другі падыход прывёў да больш высокіх вынікаў. Беларускія дактары і кіраўніцтва на месцах павінны атрымаць тую ступень самастойнасці ў крызісе, якая дазволіць ім самім вырашаць лакальныя праблемы найлепшым чынам. Дзяржава толькі павінна ім усяляк дапамагаць, каардынаваць намаганні і забяспечваць усім неабходным, у тым ліку аб’ектыўнай інфармацыяй.

Ці могуць нашы лекары, якія працуюць за мяжой, неяк дапамагчы калегам у Беларусі?

Лекары ўжо робяць тое, што трэба – маюць зносіны паміж сабой і дзеляцца досведам на асабістым узроўні. Было б карысна стымуляваць гэты абмен інфармацыяй – як унутры краіны, так і праз межы. Тым больш, што хоць праблемы і вопыт у медыкаў у Менску і ў маленькіх гарадах розныя, усе яны сутыкнуцца з падобнымі задачамі. Медыкі, якія працуюць за мяжой, зараз назіраюць і ўдзельнічаюць у беспрэцэдэнтных мерах, арганізаваных у іх краінах. Гэта вялізарны вопыт, які мог бы спатрэбіцца і ў Беларусі. Іншая справа, што многія з іх цяпер вельмі занятыя на працы, але нават лекары з Італіі ў гэтыя дні адказваюць на пытанні і дзеляцца вопытам.

27 сакавіка 2020 года. Медык у ахоўным касцюме ля палаткі, у якой праводзяць тэсты на каронавірус, на тэрыторыі Бруклінскага бальнічнага цэнтру ў Нью-Ёрку. Фота: Andrew Kelly / Reuters / Forum

Акрамя таго, англамоўная літаратура хутка папаўняецца інфармацыяй з розных краін. Адзін з актыўных бясплатных медычных сайтаў, Medscape, прыцягвае каментары з усяго свету. Публікуюцца папярэднія дадзеныя даследаванняў па гэтай эпідэміі. Лекар любой спецыяльнасці, які валодае англійскай мовай, можа перавесці абстракт артыкулу для калегі ў Беларусі, і, пры неабходнасці, правесці пошук артыкулаў. Таму, я думаю, цяпер лекарам неабходна звязацца адзін з адным, абнавіць кантакты і патурбавацца аб сябрах і калегах па розныя бакі межаў.

Дзяніс Дзюба/ІР belsat.eu

Hавiны