Рамзан Кадыраў мае дачыненне да спробы дзяржаўнага перавароту ў Чарнагорыі, – СМІ

У матэрыялах справы аб падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту ў Чарнагорыі згадваецца імя кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які лідары чарнагорскай апазіцыі – Мілан Княжэвіч і Андрыя Мандзіч – перадалі ў расейскую амбасаду.

У Чарнагорыі 29 ліпеня пачаўся судовы працэс над арганізатарамі антыканстытуцыйных дзеянняў напярэдадні парламенцкіх выбараў 16 кастрычніка 2016 года. Абвінавачванні тычацца падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту і замаху на былога прэм’ер-міністра Мілу Джуканавіча. У справе фігуруюць 13 чалавек: двое грамадзянаў Расеі, трое чарнагорцаў і восем сербаў. На думку пракуратуры, да арганізацыі путчу мае дачыненне Масква, якая хацела сарваць далучэнне Чарнагорыі да NATO.

У прыватнасці, у абвінаваўчых актах на судзе стала фігураваць імя Рамзана Кадырава. Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі, па версіі пракурораў, нібыта агітаваў лідараў мусульманскай абшчыны ў Чарнагорыі за супрацу з апазіцыяй з мэтай змены дзейнай улады, піша газета «Известия».

Нагадаем, 16 кастрычніка 2016 году ўлады Чарнагорыі абвясцілі, што ім атрымалася перадухіліць спробу дзяржаўнага перавароту падчас парламенцкіх выбараў.

ІІ, belsat.eu

 

Hавiны