Эканаміст пра спыненне паставак расейскай нафты: «Гэта шантаж»


Кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што калі пастаўкі нафты на беларускія НПЗ не адновяцца, то гэта будзе мець цяжкія наступствы для эканомікі Беларусі.

З 1 студзеня Расея спыніла падачу нафты для НПЗ Беларусі праз тое, што Масква і Менск не заключылі новыя кантракты. Беларускія НПЗ працягваюць працаваць, але загрузка вытворчых магутнасцяў зніжаная да тэхналагічнага мінімуму.

«Спыненне паставак нафты – гэта, безумоўна, шантаж. Гэта выкарыстанне энергетычнай зброі супраць незалежнай краіны. З пункту гледжання захавання той сістэмы, якая ў нас у Беларусі ёсць, гэта небяспека, якая можа мець наступства не толькі падзенні эканоміцы, але і ў росце сацыяльным напружанні, бюджэтнай незбалансаванасці і г.д», – адзначыў у каментары belsat.eu кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Я думаю, што гэты канфлікт мусіць скончыцца на працягу бліжэйшага тыдня. Калі цягам тыдня ён не скончыцца, то гэта будзе мець вельмі далёкаідучыя наступствы. Я думаю, што ў гэтым выпадку беларускі бок павінен паставіць рубам пытанне аб выхадзе з Саюзнай дзяржавы і іншых інтэграцыйных праектах у сувязі з паводзінамі Расеі», – дадае эксперт.

Раманчук спадзяецца, што спыненне паставак расейскай нафты мусіць «абразуміць і ацверазіць беларускі ўрад» і прывядзе да таго, што Беларусь нарэшце пачне пазбаўляцца энергетычнай залежнасці ад Расеі.

«З пункту гледжання стратэгіі развіцця гэта будзе азначаць выпіхванне Беларусі ў сусветную эканоміку. Гэта прымусіць Беларусь працаваць па сусветных правілах», – мяркуе эканаміст.

ВІДЭА
Хто каго перахітрыў? Усё, што трэба ведаць пра вынікі года ў інтэграцыйных перамовах Беларусі і Расеі
2019.12.30 14:02

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў