Райвыканкам Докшыцкага раёну: «Сітуацыя сур’ёзная»


Пры гэтым мясцовыя ўлады кажуць, што сітуацыя пад кантролем, створаны раённы штаб.

Па апошніх дадзеных, у Докшыцах зафіксавана 85 выпадкаў пнеўманіі. Пра гэта выданню «Родныя вытокі» паведаміла загадчыца паліклінікі ў Докшыцах Валянціна Вештарт.

Па актуальныя дадзеныя мы звярнуліся да галоўнай лекаркі Докшыцкага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Алены Падбярозка:

«У мяне зараз дадзеных няма, таму што аналізы бяруць, а яны пакуль што не прыходзяць. Я не магу сказаць. Сёння адна лічба, праз хвіліну другая, трэцяя. Тое, што я скажу, сэнсу не мае».

Чытачы Belsat.eu дасылалі інфармацыю пра тое, што ў Цэнтральнай раённай больніцы не хапае пальчатак і масак, і работнікі шыюць іх самастойна.

«Мне даюць дадзеныя з ЦРБ, што ў іх хапае масак і пальчатак, запас ёсць. Людзі хварэюць, людзі захворваюць, гэта зразумела. Але пакуль што рэзервы шпіталя нам дазваляюць і пакласці, і перапрафіляваць аддзяленне. Пакуль што моцы хапае», – кажа Алена Падбярозка.

Аб’ектыў
Докшыцы: як ізалююць «кантакты першага ўзроўню»
2020.04.08 22:20

У аддзеле ідэалагічнай працы Докшыцкага райвыканкаму нам таксама акрэслілі сітуацыю ў Докшыцах.

«Я ведаю, што з маскамі і сродкамі дэзынфекцыі менавіта для жыхароў Докшыцкага раёну пытанняў няма, таму што аптэкі гэтым забяспечаныя ў поўным аб’ёме. Лічбы, колькі чалавек хварэе на каронавірус, у мяне няма, але я ведаю, што ёсць пацверджаныя выпадкі. Сітуацыя сур’ёзная, яна на кантролі. На мінулым тыдні стварылі раённы штаб, які прыняў дадатковыя меры па прафілактыцы змяншэння распаўсюду каронавіруса Адбываюцца паседжанні штабу, прымаюцца дадатковыя рашэнні, заслухоўваюцца тыя, хто ўваходзіць у гэты штаб», – распавяла галоўная спецыялістка аддзелу Алена Паляніна.

Дзіяна Раткевіч Belsat.eu

Стужка навінаў