Рада ЕЗ ухваліла дамовы аб рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю


Рада ЕЗ 27 траўня ўхваліла пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Беларуссю. Пра гэта піша TUT.by са спасылкай на заяву Рады ЕЗ.

У адпаведнасці з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму кошт кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў для беларускіх грамадзянаў зніжаецца з 80 да 35 еўра. Скарачаецца спіс дакументаў, якія неабходна падаць пры звароце па візы, прадугледжваецца магчымасць выдачы шматразовых візаў на тэрмін ад аднаго года да пяці гадоў. Час прыняцця рашэння аб выдачы візы скароціцца да 10 дзён, шмат якія катэгорыі грамадзянаў змогуць звяртацца за бясплатнай візай.

Як раней тлумачылі ў беларускім МЗС, «дамовы набудуць моц у першы дзень другога месяца пасля атрымання адпаведнага паведамлення ад еўрапейскага боку».

Дамовы аб рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму былі падпісаныя 8 студзеня 2020 года ў Бруселі. Ад Беларусі дакументы падпісаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей. З боку ЕЗ — намеснік прэм’ер-міністра — міністр унутраных спраў Рэспублікі Харватыя Давор Бажыновіч (ад імя харвацкага старшынства ў Еўрапейскім Звязе) і Еўрапейскі камісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан.

Беларускія парламентарыі ратыфікавалі пагадненні аб рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму 2 красавіка. Аляксандр Лукашэнка падпісаў іх 9 красавіка.

ВІДЭА
Галоўная задача Лукашэнкі ў дачыненнях з Захадам у 2020 годзе
2020.01.07 08:05

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў