Рабочых Беларускай чыгункі зганяюць на «Дынама» напярэдадні Еўрагульняў?

Чытачы даслалі блогеру NEXTA дакумент, з якога вынікае, што чыгуначнікаў абавязваюць у вольны час ісці на тэставыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы па праграме ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019.

У якасці заўзятараў намеснік начальніка Менскага аддзялення Аляксандр Харашэвіч просіць скіраваць на трыбуны 18 чалавек.

Паводле начальніцы сектара ідэалогіі і сацыяльна-культурнай працы Менскага аддзялення, ніхто сілком працаўнікоў на стадыён не цягне.

«Квіткі раздаюцца, каб людзі маглі заняць свой вольны час. Але ж вы што, жартуеце? Ніхто ніяк караць іх не будзе, калі яны не пойдуць. Гэта дабравольна, проста кажу ж, ёсць квіткі, і іх раздаём», – сказала Аксана Смаргова ў каментары belsat.eu.

ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня. Чакаецца, што ў беларускую сталіцу прыедуць больш за 4 тысячы спартоўцаў і каля 2 тысячаў трэнераў. Яны прадставяць афіцыйныя дэлегацыі з 50 еўрапейскіх Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. На імпрэзе будуць працаваць каля 8 тысячаў валанцёраў.

Спаборніцтвы пройдуць на найбуйнейшых спартыўных збудаваннях Менску, у тым ліку на стадыёне «Дынама», «Менск-Арэна», «Чыжоўка-Арэна».

Міжнародныя спонсары не хочуць падтрымліваць Еўрапейскія гульні

ДР belsat.eu

Hавiны