Пытанне не ў грошах. Чаму Меркель лепш за іншых спраўляецца з COVID-19


Ангела Меркель.
Фота: Reuters

Адныя могуць вярнуцца да працы, іншыя мусяць яшчэ пачакаць. Асобныя арганізацыі, бізнесмены і палітыкі крытыкуюць абвешчаны 15 красавіка ўладамі план паслаблення каранцінных захадаў у Нямеччыне. У той жа час сусветная супольнасць агулам акурат Нямеччыну часта прыводзіць у прыклад – як трэба дзейнічаць.

Неадназначная рэакцыя на паслабленне каранціну

Узгоднены паміж федэральным урадам Нямеччыны і ўрадамі федэральных зямель план паступовага вяртання да нармальнага жыцця выклікаў неадназначную рэакцыю ў краіне. Новыя правілы дазваляюць 20 красавіка адкрыцца крамам плошчай да 800 квадратных метраў. Незалежна ад метражу, могуць адкрыцца аўтасалоны, вела- і кніжныя крамы, музеі, бібліятэкі, батанічныя сады.

Стэфан Гент. Фота HDE (einzelhandel.de)

Асацыяцыя рознічнага гандлю Германіі (HDE) у інтэрв’ю www.dw.com заявіла, што ў палітыкаў няма ніякіх аргументаў на карысць прынятых рашэнняў.

«Правілы гігіены і захавання сацыяльнай дыстанцыі можна выконваць і ў крамах з большай плошчай. Паўторнае адкрыццё крамаў не можа залежыць ад памеру кампаніі і плошчы продажаў. Прынятыя 15 красавіка прынцыпы прывядуць да парушэння канкурэнцыі і прававой нявызначанасці», – мяркуе кіраўнік HDE Стэфан Гент.

Бізнесмены лічаць, што дробныя канкурэнты забяруць кліентаў у больш буйных, што зʼяўляецца дыскрымінацыяй. Нямецкая прамыслова-гандлёвая палата (DIHK) таксама выказалася крытычна.

«Нягледзячы на першыя, невялікія сігналы аб адкрыцці гандлёвых кропак, многім па-ранейшаму не хапае выразнай перспектывы, контуры размытыя», – заявіў кіраўнік DIHK Эрык Швейцар.

«Уваход забаронены!» – на дзіцячай пляцоўцы ў парку. Брэмен, Нямеччына.
Фота: «Белсат»

Пустымі пакуль што будуць заставацца ўсе бажніцы. Задаволеныя зробленымі крокамі толькі прадстаўнікі аўтамабільнай прамысловасці, гандляры кнігамі і рамеснікі. За межамі краіны захады Нямеччыны і ступень уцягнутасці грамадзян у іх выкананне ставяць у прыклад урадам шмат якіх менш арганізаваных у гэтай сітуацыі краінаў.

Сцэнары пандэміі і адмова ад грамадзянскіх свабодаў

Дзіцячыя пляцоўкі забаронена наведваць па ўсёй краіне. Брэмен, Нямеччына.
Фота: «Белсат»

Увядзенне захадаў бяспекі прадэманстравала механізм прыняцця рашэнняў органамі ўлады Нямеччыны. Пачалося з сакрэтнага дакумента пад назвай «Як мы можам атрымаць кантроль над COVID-19», існаванне якога Федэральнае міністэрства ўнутраных справаў пацвердзіла 27 сакавіка, а 1 красавіка платформа за свабоду інфармацыі FragDenStaat.de усё ж апублікавала гэты дакумент.

Даследаванне, якое апісвае сцэнары развіцця пандэміі каронавіруса ў Нямеччыне, напісала група экспертаў, грунтуючыся на дадзеных Берлінскага Інстытута Роберта Коха (RKI) і на даследаванні эпідэміёлагаў з Імперскага коледжа ў Лондане.

Найгоршы сцэнар – пры мяккіх абмежаваннях

Згодна з разлікамі, калі б урад забараніў толькі масавыя мерапрыемствы і абмежаваў паездкі, колькасць інфікаваных у кароткія тэрміны дасягнула б 70% насельніцтва. Больніцы ў такім выпадку могуць прыняць толькі пятую частку пацыентаў, астатнім будуць вымушаныя адмовіць у інтэнсіўнай тэрапіі. Колькасць загінулых у Нямеччыне тады перасягнула б мільённую адзнаку. І гэта літаральна стала б следствам нерашучых дзеянняў уладаў.

Жорсткі сцэнар стрымлівання

Урад і грамадства пагадзіліся на ўвядзенне жорсткіх захадаў, якія абмяжоўваюць грамадзянскія і асабістыя свабоды як ніколі раней у гісторыі ФРГ, але здольных радыкальна скараціць колькасць выпадкаў заражэння і смерці. Пры выкананні гэтых правілаў сістэма аховы здароўя не будзе захлынацца патокам хворых і зможа аказаць дапамогу ўсім, хто яе патрабуе.

Аснова мераў – шырокае тэставанне, строгая ізаляцыя тых, хто ўжо заразіўся, сацыяльнае дыстанцаванне. Кантакты толькі з тымі, з кім жывеш. Буйныя мерапрыемствы застаюцца забароненымі да 31 жніўня 2020 года. Штрафы за парушэнне каранціну – да 200 еўра грамадзянам і да 5 000 еўра – за кожнага кліента, які адкрыў кафэ або рэстаран.

Ужо чатыры тыдні ў Нямеччыне зачыненыя школы, ВНУ, прадпрыемствы, рэстараны, цэрквы, тэатры, крамы, цырульні і іншыя публічныя месцы. Адкрытымі заставаліся толькі супермаркеты, аптэкі, аўтазаправачныя станцыі, банкі, службы дастаўкі, паштовыя аддзяленні і іншыя цэнтральныя аб’екты. Яны працуюць пры падвышаных гігіенічных патрабаваннях, кантролі доступу і пазбяганні чэргаў: людзі чакаюць на вуліцы, на адлегласці не менш за 1,5 метра, прадаўцы абароненыя экранамі, пальчаткамі, дэзінфікуюцца ручкі кошыкаў, апараты для банкаўскіх карт і іншае.

Аналітыкі палічылі, што пры рэалізацыі такой мадэлі каля мільёна чалавек у Германіі заразяцца, але колькасць смерцяў можа быць скарочана да 12 000.

Сістэма аховы здароўя ўмацоўваецца

Для галоўнай задачы – вызначэння колькасці тых, хто заразіліся у самыя кароткія тэрміны неабходна было павысіць прапускную здольнасць лабараторый і стварыць мабільныя. Даследаванне меркавала спачатку павялічыць колькасць праведзеных тэстаў да 100 000 у дзень і нарошчваць у далейшым. На практыцы ўжо ў першы тыдзень каранціну, па дадзеных RKI, зрабілі 350 000 тэстаў.

Быў створаны і працягне дзейнічаць онлайн рэестр , які дазваляе неадкладна даведацца, у якіх клініках краіны і колькі менавіта ёсць свабодных месцаў інтэнсіўнай тэрапіі з вентыляцыяй лёгкіх для пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй. Колькасць ложкаў для інтэнсіўнай тэрапіі павялічылі да 40 000, а месцаў вентыляцыі – да 30 000. Нямеччына прымае хворых з іншых краінаў.

Большасць жыхароў Нямеччыны самі дэманструюць высокую ступень адказнасці. Рашэнне застацца дома людзі прымалі нават там, дзе няма строгага каранціну. Многія дазволілі ўладам выкарыстоўваць інфармацыю аб сваім месцазнаходжанні і перамяшчэннях, што неабходна для эфектыўнага тэставання заражаных.

Праз чатыры тыдні каля 60% лічаць, што ўрадавыя меры ў цэлым дарэчныя. Толькі 13% ацэньваюць іх як перабольшаныя, а 27% – як недастатковыя.

«Мы застаемся дома» – плакат на вакне жылога дома. Брэмен, Нямеччына.
Фота: «Белсат»

Чаму смяротнасць у Нямеччыне ніжэйшая?

Нямецкія тэсты апынуліся аднымі з найбольш дакладных пры выяўленні Sars-CoV-2. Нямеччына пачала тэставанне нашмат раней за іншых краін, што перш за ўсё тлумачыць велізарныя адрозненні ў смяротнасці паміж Германіяй, Італіяй і Іспаніяй. Разлік узроўню смяротнасці залежыць ад таго, колькі выпадкаў заражэння было выяўлена, а колькі ўпушчана. Можна лёгка палічыць мёртвых людзей, але не інфікаваных.

  • Вялікая Брытанія: 54 000 тэстаў на каронавірус у цэлым да 18 сакавіка – інфекцыя пацверджана ў 2626 выпадках. 103 чалавекі з COVID-19 памерлі. Смяротнасць – амаль 4% людзей з даказанай інфекцыяй.
  • Нямеччына ў той жа час: каля 100 000 тэстаў за 1 тыдзень – 10999 выпадкаў заражэння, 20 чалавек памерла. Смяротнасць – 0,2%.
Фота: Mikhail Semyonov / TASS / Forum

Хваля хворых не дасягае ўзроўню, які пераўзыходзіць магчымасці аховы здароўя, дзякуючы чаму цяжка хворыя могуць атрымаць адэкватны догляд. Гэта асноўныя з шэрагу прычын.

Сродкі дэзінфекцыі і мыла ў крамах Нямеччыны разабралі першымі.
Фота: «Белсат»

Дапамога бізнесу і насельніцтву

З пачатку красавіка федэральны ўрад прыняў беспрэцэдэнтныя эканамічныя захады па тэрміновай дапамозе людзям: беззваротныя гранты для малых прадпрыемстваў, самазанятых, мастакоў і ўстановаў культуры; палегчаны доступ да сацыяльнай дапамогі; падатковыя льготы для ўсіх пацярпелых ад пандэміі; дзярждапамога з крэдытамі для кампаніяў.

Сацыяльны пакет Бундэстагу на агульную суму да 50 мільярдаў еўра дае спрошчаны доступ да дапамогі толькі па заяве чалавека. Вось некалькі прыкладаў з шырокага спісу:

  • Сем’ям: аднаразовае падаўжэнне дапамогі на дзіця на 6 месяцаў.
  • Уладальнікам малога бізнесу і ІП: хуткая дапамога, уключна з аплатай жылля (у сярэднім каля 450 еўра) і вызваленне ад падаткаў.
  • Мастакам, творчым самазанятым – аднаразовая выплата да 9 000 еўра.
  • Малым кампаніям – крэдыт для закупак (інвестыцыі) і эксплуатацыйныя выдаткі са 100% федэральнай гарантыяй.
  • Больш складанаарганізаваныя захады прадугледжаныя для буйных прадпрыемстваў.

Мяккі выхад

Строгія каранцінныя меры далі вынік: колькасць інфікаваных людзей, пацверджаных тэстамі, працягвае расці, але крывая не павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі.

Лотар Вілер, прэзідэнт Інстытута Роберта Коха ANNEGRET HILSE / REUTERS

Паводле ацэнкі Інстытута Коха (RKI) на раніцу 17 красавіка ў Нямеччыне 133 830 заразіліся з пачатку года (+3380 за суткі), памерлі 3868 (+299 за суткі). Ачунялі больш за палова з тых, хто захварэў – 81 800 (+4700 за содні). То бок успышка COVID-19 цяпер стабілізавалася.

Па стане на 3 красавіка краіна ўсцяж была на пачатку эпідэміі. У наступныя тыдні каранціну кожны інфікаваны чалавек заражаў усё менш, тады як раней адзін заражаў пяць ці нават сем чалавек. Інстытут Коха надае асаблівую ўвагу гэтай колькасці ўзнаўлення віруса. Цяпер яно складае каля 1,2.

«Калі гэтая колькасць стане ніжэй адзінкі, эпідэмія паступова сціхне. Гэта нашая мэта», – лічыць Лотар Вілер, прэзідэнт Інстытута Роберта Коха.

Паслабленне каранціну па сцэнары Акадэміі Навук

Нацыянальная акадэмія навук (Леапольдзіна) таксама прапанавала свой сцэнар паслаблення забароны на кантакты. Яго прынялі за аснову ўлады Нямеччыны пры цяперашніх кроках змякчэння каранціну: паступова будуць адкрываць школы, але не спяшацца з дзіцячымі садамі; сацыяльную дыстанцыю неабходна захоўваць, дадаткова рэкамендавана насіць ахоўныя маскі ў школах, грамадскім транспарце і кампаніях, якія адкрыюцца.

Нацыянальная Акадэмія Навук Нямеччыны (Леапальдзіна).
Фота: leopoldina.org

Адное з самых вялікіх і тэрміновых пытанняў цяпер – якая фактычная колькасць людзей, інфікаваных каронавірусам. Таму тэставанне будзе пашырацца.

Калі кантактныя абмежаванні будуць здымаць без выканання рэкамендаваных мераў, Леапольдзіна прагназуе хуткі рост колькасці хворых. Тады ўжо ў чэрвені інфекцыя можа выйсці нават далёка за рамкі цяперашняга ўзроўню.

Іна Рэут/МВ Belsat.eu

Стужка навінаў