Пятру Маркелаву далі 10 содняў за тое, што ён ляжаў на лаўцы


Прысуд вынеслі ў судзе Савецкага раёну паводле артыкулаў «хуліганства» і «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню».

Сёння 13 траўня суд Савецкага раёну Менску пакараў Пятра Маркелава 10 соднямі адміністрацыйнага арышту. З іх 6 дзён актывіст атрымаў за «хуліганства» (арт. 17.1 КаАП РБ), а яшчэ 4 дні – за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню (арт. 23.4 КаАП РБ). Прысуд вынесла суддзя Вера Галаўкова.

Актывіста судзілі праз Skype: Пятра даставілі ў РАУС Савецкага раёну. Нягледзячы на онлайн-паседжанне, яго ўсё роўна трымалі за кратамі.

Суд над Маркелавым праходзіў праз Skype.
Фота: Дар’я Урублеўская

Гэта ўжо другі такі выпадак у Менску: раней праз відэасувязь судзілі актывістаў «Моладзевага блоку» Лізавету Пракопчык і Данілу Лаўрэцкага.

Hавiны
На рэпетыцыю параду актывісты прынеслі труну
2020.05.08 22:24

Як паведаміла праваабаронца Дар’я Рублеўская, якая знаходзілася на паседжанні, Маркелава абвінавацілі ў тым, што ён са «злосных намераў лёг на лаўку, хапаўся за форменнае адзенне і ўпіраўся рукамі ды нагамі».

«Пётр падчас допыту на судзе казаў, што ён трымаў у руках тэлефон, таму не мог ані за што хапацца. А потым яму адразу апранулі кайданкі. Ён так і сказаў: «Мае прыўкрасныя рукі ў РАУСе заўсёды былі ў кайданках», – апісвае Дарʼя Рублеўская.

Праваабаронца Вікторыя Фёдарава кажа, што прысуд — гэта асабістая помста Маркелаву ад міліцыянтаў.

Затрымалі, бо замінаў працаваць

Маркелава затрымалі ў панядзелак 11 траўня ў судзе Савецкага раёну. Там ён разам з іншымі сябрамі спрабаваў даведацца інфармацыю аб судзе над Лізаветай Пракопчык і Данілам Лаўрэцкім. Пётр стаміўся і лёг на лаву ў калідоры суда.

Затрыманы Пётр Маркелаў.
Фота: marta_may / t.me/legal_initiative

Ужо сёння на судзе высветлілася, што Маркелаў трымаў нагу за нагой і тым замінаў працаваць сакратарцы суду Вікторыі Мажэйка. Яна паскардзілася на Пятра міліцыянтам, якія дзяжурылі ўнізе суда, і тыя затрымалі актывіста.

Бацькам, праваабаронцам і сябрам маладзёна цягам двух дзён не давалі інфармацыі аб ягоным месцазнаходжанні, а таксама аб часе і даце суду.

Hавiны
Пятра Маркелава затрымалі проста ў судзе
2020.05.11 15:06

Пятро Маркелаў актывіст ініцыятыў «Legalize Belarus» і «Моладзевы блок». Гэта ўжо ягоны трэці адміністрацыйны арышт. У 2017 годзе ён атрымаў 12 содняў арышту за стрым з тралейбусу падчас разгону пасля акцыі 15 сакавіка. У снежні 2019 года Пятру далі 14 содняў за выкрыццё фальсіфікацыяў выбараў.

КТ Belsat.eu

Стужка навінаў