Пяскоў адказаў на пытанне, ці варта ўзмацніць ахову здароўя Пуціна

Уладзімір Пуцін размаўляе з кіраўніком ураду Міхаілам Мішусціным у рэжыме відэаканферэнцыі. Фота: kremlin.ru

Прэс-сакратар кіраўніка Расеі заявіў, што здароўе Уладзіміра Пуціна знаходзіцца пад выключным кантролем.

Напярэдадні стала вядома, што каронавірусам заразіўся прэм’ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін.

«Зразумела, у гэтыя дні, асабліва ў тым, што датычыць кіраўніка дзяржавы, ахова здароўя і так максімальна высокая», – паведаміў Дзмітрый Пяскоў у праграме «Масква. Крэмль. Пуцін» на тэлеканале «Россия 1», адказваючы на ​​пытанне аб магчымым узмацненні захадаў засцярогі пасля выяўлення каронавіруса ў прэмʼер-міністра.

Апошні раз Уладзімір Пуцін асабіста сустракаўся з Міхаілам Мішусціным 24 сакавіка. У той жа дзень кіраўнік Расеі наведаў Падмаскоўны шпіталь для хворых на COVID-19.

Паводле расейскага выдання «Коммерсантъ», акрамя Міхаіла Мішусціна ў расейскім урадзе ёсць яшчэ некалькі інфікаваных. Яны знаходзяцца на самаізаляцыі і працуюць з дому.

Чыноўнікі маглі маглі стаць «ахвярамі» медыкаў, піша журналіст «Коммерсантъ» Дзмітрый Бутрын у артыкуле «Коронавирус добрался до самого верха».

«Усё кіраўніцтва рэгулярна здае аналізы на каронавірус, што непазбежна звязана з пастаяннымі дадатковымі кантактамі і перамяшчэннямі медыкаў», – дзеліцца сваім меркаваннем аўтар артыкула.

У Маскве да 11 траўня працягнулі каранцінныя захады ў межах барацьбы з каронавірусам. У сталіцы Расеі зарэгістравалі 57 тыс. інфікаваных на каронавірус. Агулам у Расеі SARS-CoV-2 заразіліся 114 тыс. чалавек.

ЮВ belsat.ru

Hавiны