Пуцін: СССР дазволіў рэспублікам выходзіць са складу «з традыцыйна расейскімі землямі»

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у інтэрв’ю, якое паказалі ў эфіры тэлеканалу «Россия 1», раскрытыкаваў магчымасць выхаду рэспублік са складу СССР.

Кіраўнік РФ заявіў пра сваю нязгоду з ленінскім тэзісам аб праве саюзных рэспублік на выхад са складу СССР.

«Ленін насіўся з гэтай ідэяй яшчэ з 1908-1909 гадоў. Зыходзіла гэта ўсё з ідэі аб праве нацыі на самавызначэнне і затым трансфармавалася ў дзяржаўнае будаўніцтва такім чынам, што пры стварэнні адзінай дзяржавы, Савецкага Саюзу, па сутнасці ішла гаворка аб аднаўленні гістарычнай Расеі ў яе ранейшых межах – новаствараемыя саюзныя рэспублікі мелі права выхаду з яе», – заявіў Пуцін.

Паводле яго, Іосіф Сталін прытрымліваўся іншага пункту гледжання – ён «казаў пра неабходнасць аўтанамізацыі нацыянальных абʼяднанняў, на іх уваход у склад РСФСР на правах аўтаноміі», не прадугледжваючы выхаду са складу Савецкага Саюзу.

«Але ў канчатковым выніку была рэалізавана ленінская ідэя і права выхаду з Савецкага Саюзу было зафіксавана ў саюзнай дамове 1922 года», – дадаў кіраўнік Расеі.

Потым, адзначыў ён, гэтыя палажэнні «пачалі вандраваць з Канстытуцыі ў Канстытуцыю савецкага перыяду, але не было сказана іншага, не было прапісана працэдуры выхаду са складу Саюзу».

Паводле яго, у выніку рэспубліка, якая ўвайшла ў склад СССР і атрымала «ў свой багаж велізарную колькасць расейскіх земляў, традыцыйных расейскіх гістарычных тэрыторыяў», магла выйсці са складу Саюзу не «з чым прыйшла», а забраўшы «падарункі ад расейскага народу».

Пуцін ухваліў унясенне паправак у Канстытуцыю Расеі

Таму, заявіў Пуцін, у Канстытуцыю РФ унесеныя папраўкі, звязаныя з непарушнасцю межаў краіны і з немагчымасцю адрыньвання яе тэрыторыяў.

МГ belsat.eu

Hавiны