Пуцін робіць ход гісторыяй

Машина с портретом Сталина и георгиевской лентой. Фото – Василий Молчанов/Белсат

Гісторыя заўсёды была сферай, якую спрабавалі перарабіць, падпарадкаваць сваім мэтам усе аўтарытарныя ўладары. Маніпуляцыі з мінулым павінны былі выбудаваць правільны вобраз цяперашняга, падпарадкаваць думкі ды памяць насельніцтва зададзенай палітычнай парадыгме. Дзякуючы мадыфікацыям і цэнзуры гісторыя ператвараецца ў частку маніпуляцыяў і фальсіфікацыяў.

Для аўтарытарызму гіпертрафаваная гераізацыя пэўных элементаў мінулага ёсць важным працэсам, бо гэтая гераізацыя мае не толькі падкрэсліць вялікае мінулае і ўмацаваць дух нацыі, але і кампенсаваць заняпад эканомікі ды нізкі ўзровень жыцця.

Гістарычны гераізм быў галоўным ідэалагічным падмуркам СССР. Барацьба за светлую будучыню павінна была пасоўваць намеры масы. Гераізм культываваўся выразным, «навукова абгрунтаваным» разуменнем мінулага, але і ўсёй савецкай культурай. Шмат у чым ён адрадзіўся ў аўтарытарнай Беларусі – у назвах вуліцаў і «Лініі Сталіна», але сёння асабліва дбайна культывуецца ў Расеі.

Hавiны
«Пуцін спрабуе рэабілітаваць сталінізм». Прэм’ер Польшчы адказаў прэзідэнту Расеі
2019.12.30 07:01

Разам з палітычнай трансфармацыяй у Расеі адбыўся і гістарычны адкат. Асноўнай крыніцай ідэалагічнага і палітычнага натхнення сталі падзеі 75-гадовай даўніны, то бок перыяд Другой сусветнай вайны (Вялікай Айчыннай вайны). Яны цалкам убудоўваюцца ў сённяшняе агрэсіўнае ўспрыманне рэчаіснасці большасці расейцаў, больш за тое, менавіта «гісторыя Перамогі» фармуе гэтае ўспрыманне, выказанае ў словах «Можам паўтарыць». Гэта вельмі красамоўна сведчыць пра агульныя гістарычныя, цывілізацыйныя дасягненні СССР і Расеі.

Партрэты Сталіна і Леніна на вуліцах Менску. Фота «Белсата»

Аднак вобраз «перамогі» ў расейскай масавай і палітычнай свядомасці зросся з вобразам «моцнай і эфектыўнай» савецкай улады, і шмат у чым з абяленнем фігуры Сталіна. Усе спробы пераасэнсаваць жахі таталітарызму і ролю савецкіх правадыроў у трагедыі не толькі народаў СССР, але і свету, натыкаюцца на супраціў і маргіналізуюцца. Правадырызм (сталінізм) стаў вызначальным элементам «гісторыі Перамогі» – гэта і не дзіўна, бо гістарычныя паралелі ўмацоўваюць вобраз новага моцнага лідара Расеі, які гатовы паўтарыць 1945 год.

Вяртанне савецкай палітыкі, і адпаведна, вяртанне савецкага разумення гісторыі, не можа не ісці насуперак тысячам фактаў і даследаванням прычынаў пачатку Другой сусветнай вайны. Але аўтарытарная трактоўка гісторыі ніколі не грунтавалася на фактах, а толькі на патрэбнай інтэрпрэтацыі гісторыі.

Hавiны
Амбасадарка ЗША: Другую сусветную вайну пачалі Гітлер і Сталін
2019.12.30 18:27

Адсюль уласнае разуменне прычынаў і вінаватых у падзеях 1939 года. У адпаведнасці з «гісторыяй Перамогі» ў вайне вінаваты толькі Захад: Вялікая Брытанія, Нямеччына, Польшча. Палітыка СССР – усяго толькі вымушаная рэакцыя на сітуацыю. Вайна з Фінляндыяй, акупацыя краінаў Балтыі, напад на Польшчу – гэта не жаданне «вярнуць тэрыторыі імперыі», а выключна «жэсты добрай волі» СССР і вызваленне тэрыторыяў.

Калі гісторыя становіцца ахвярай маніпуляцыяў і ператвараецца ў інструмент гібрыднай вайны, апеляцыя да фактаў не мае ніякага значэння.

Сёння Расея – у стадыі канфрантацыі з Захадам на ўсіх кірунках: у замежнай палітыцы, у эканоміцы, у спорце. Гісторыя таксама ператварылася ў поле бітвы.

Меркаванні
Пуцін шукае падставу для абвастрэння адносін з Польшчай
2019.12.30 16:05

Польшча ў гэтай бітве займае асаблівае значэнне. Як вядома, Варшава была адным з ініцыятараў рэзалюцыі Еўрапарламенту «Пра важнасць захавання гістарычнай памяці для будучыні Еўропы», прынятай у верасні 2019 года. У адпаведнасці з ёй, адказнасць за пачатак вайны ўскладаецца ў роўнай ступені на гітлераўскую Нямеччыну і сталінскі СССР.

Больш за тое, сёлета польскія ўлады адмовіліся запрашаць афіцыйную расейскую дэлегацыю на імпрэзы, прысвечаныя пачатку Другой сусветнай вайны. Варшава таксама ёсць прыхільніцай пашырэння амерыканскай вайсковай прысутнасці ў рэгіёне.

Цалкам відавочна, што Польшча стала ідэалагічным і палітычным раздражняльнікам для Расеі, што не магло не выклікаць зваротнай палітычна-гістарычнай рэакцыі, пакуль на ўзроўні трактоўкі гісторыі. Аднак, няма сумневаў, што канфрантацыя ў дачыненнях паміж Масквой і Варшавай будзе нарастаць.

Павел Усаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў