Пуцін прапусціць велікоднае богаслужэнне ўпершыню за 20 гадоў


Уладзімір Пуцін падчас сёлетняга велікоднага набажэнства застанецца ўдома. Гэта адбудзецца ўпершыню падчас ягонага кіравання Расеяй, падае ТАСС. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што плануе наведаць святыню.

Прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзмітрый Пяскоў распавёў, што Уладзімір Пуцін не пойдзе на велікоднае набажэнства ў святыню.

«Застанецца ўдома. Як вы ведаеце, ён цяпер жыве і працуе ў дзяржаўнай рэзідэнцыі Нова-Агарова, – сказаў прадстаўнік Крамля. – Прэзідэнт увечары паставіць свечку ў невялікай капліцы, якая знаходзіцца на тэрыторыі гэтай дзяржаўнай рэзідэнцыі».

Пяскоў дадаў, што з нагоды Вялікадня прэзідэнт і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл абмяняюцца віншаваннямі.

Пуцін традыцыйна наведвае велікодныя набажэнствы ў святыні Хрыста Збаўцы ў Маскве. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы двойчы ўдзельнічаў у велікодных урачыстасцях па-за сталіцай: у 2000 годзе ён прымаў удзел у набажэнстве ў Ісакіеўскім саборы Санкт–Пецярбурга, а ў 2003-м, знаходзячыся на Вялікдзень з візітам у Таджыкістане, наведаў службу ў Свята-Мікольскім саборы ў Душанбэ.

Уладзімір Пуцін на каляднай службе ў Спаса-Праабражэнскім саборы ў Санкт-Пецярбургу ў студзені 2020 года. Фота: Kremlin Pool / Russian Look / Forum

У пропаведзі ў святыні Хрыста Збаўцы ў Вербную нядзелю Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заклікаў вернікаў заставацца ўдома і глядзець Набажэнствы па тэлевізары, выконваючы ўведзеныя для барацьбы з распаўсюджваннем каронавіруса санітарныя прадпісанні.

Hавiны
Ці можна цалаваць іконы падчас успышкі каронавіруса? Адказваюць медыкі і святары
2020.03.02 16:32

Пазней прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы звярнуліся да вернікаў з просьбай устрымацца ад наведвання набажэнстваў у сувязі з успышкаю каронавіруса.

Кіраўнік Беларусі збіраецца ў царкву

Аляксандр Лукашэнка 13 красавіка заяўляў, што пойдзе на Вялікдзень у царкву.

«Мы дарогу да святыні нікому не закрываем. Гэта маё цвёрдае патрабаванне. Мы нікому нічога не забараняем. Мы гэта давялі да кіраўніцтва ўсіх цэркваў, канфесіяў, у тым ліку і праваслаўнай царквы. Хто хоча, той памоліцца, сходзіць у святыню. Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я рэдка бываю, але на Каляды і Вялікдзень я заўсёды ў царкве. Звычайна ў раёны выязджаю, бываю ў гэтых маленькіх цэркаўка», – заявіў Лукашэнка.

Разам з тым ён звярнуўся з заклікам да святароў з улікам наяўнага становішча не трымаць людзей доўга ў святынях ды прадугледзець адмысловыя месцы для традыцыйнага асвячэння яек і кулічоў, каб сталы былі не ў памяшканнях, а на адкрытым паветры.

«Свечку паставіў, выйшаў і пайшоў. Усе пропаведзі лепш каля святыні», – дадаў Лукашэнка.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў