Пуцін павіншаваў Лукашэнку і выказаў спадзяванне на працяг інтэграцыі


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін павіншаваў з Калядамі і Новым годам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. У пасланні падкрэсліваецца, што прамінулы год быў адзначаны юбілеем – дваццацігоддзем падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

«Расея і Беларусь змаглі шмат што зрабіць для нарошчвання ўсяго комплексу двухбаковых сувязяў, рэалізацыі супольных праектаў у самых розных накірунках», – гаворыцца ў віншаванні Уладзіміра Пуціна.

Расейскі лідар выказаў надзею, што ў новым годзе працягнецца «змястоўны дыялог і канструктыўная сумесная праца па развіцці двухбаковага стратэгічнага партнёрства і прасоўванні ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў».

Тым часам interfax паведамляе, што яшчэ да канца бягучага года запланавана тэлефонная размова паміж кіраўнікамі Расеі і Беларусі Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам.

Верагодна, што кіраўнікі краінаў абмяркуюць у тым ліку і пытанне ў газава-нафтавай сферы. Па выніках сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы і Санкт-Пецярбурзе, пытанне нафты, газа і падатковай сферы так і не былі ўзгодныя.

У сваю чаргу апазіцыя заклікае кіраўніцтва Беларусі не падпісваць дарожныя мапы паглыбленай інтэграцыі, паколькі гэта, на іх думку, прывядзе да страты незалежнасці.

Кіраўніцтва Беларусі супакойвае грамадства, гучаць перакананні, што інтэграцыя прадугледжвае толькі эканамічную сферу. Але з вуснаў расейскага прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева прагучала, што 31 дарожная мапа прадугледжвае сабою і палітычную інтэграцыю.

ВІДЭА
Павел Усаў: Падпісанне ўсіх дарожных мапаў – гэта забойства беларускай дзяржавы
2019.12.29 13:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў