Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась правялі сёння сустрэчу ў загараднай рэзідэнцыі кіраўніка расейскай дзяржавы ў Нова-Агарове. Інфармацыю пра гэта распаўсюдзіла прэс-служба Крамля.
«Абмяркоўвалася рэалізацыя планаў па барацьбе з тэрарызмам, наркагандлем, а таксама забеспячэнне бяспекі на святочных мерапрыемствах, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
У сустрэчы таксама браў удзел памочнік Пуціна Юрый Ушакоў.
Станіслаў Зась займае пост генсека АДКБ з 1 студзеня. Падчас сустрэчы Пуцін адзначаў, што «вельмі рады бачыць» Зася ў новай якасці. Ён таксама нагадаў, што сёлета старшынства ў АДКБ перайшло да Расеі.
«Так што, будзем працаваць з вамі больш цесна, чым у звычайным, шараговым рэжыме», – цытуе Пуціна БелТА.
Нагадаем, раней Станіслаў Зась займаў пасаду дзяржсакратара Савету бяспекі Беларусі.
KA belsat.eu