Пуцін хоча змяніць Канстытуцыю РФ. Паглынанне Беларусі адмяняецца?


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прапанаваў унесці змены ў Канстытуцыю РФ. Belsat.eu запытаў у палітолагаў, як гэта адаб’ецца на беларуска-расейскай інтэграцыі і ці знізіцца цікаўнасць Крамля да Беларусі.

Сцэнары Пуціна

Нагадаем, у 2024 годзе сканчаецца прэзідэнцкі тэрмін Уладзіміра Пуціна. Гэта другі тэрмін запар, таму, паводле дзейнай Канстытуцыі РФ, ён не можа балатавацца на пасаду прэзідэнта зноў.

Яшчэ вясной 2019 года Bloomberg са спасылкай на крыніцу, блізкую да расейскага кіраўніцтва, паведамляў, што ў Крамлі разглядаюць паглынанне Беларусі як адзін з магчымых варыянтаў вырашэння праблемы 2024 года. Па звестках выдання, стварыўшы новую дзяржаву з новай канстытуцыяй Пуцін можа абыйсці абмежаванне, якое забараняе знаходзіцца ва ўладзе больш за два тэрміны запар. Гэты пункт гледжання падтрымалі шэраг журналістаў і палітыкаў, як у Расеі, так і ў Беларусі. Менавіта ў гэтым кантэксце некаторыя эксперты разглядаюць перамовы Менску і Масквы аб паглыбленай інтэграцыі.

ВІДЭА
Хто каго перахітрыў? Усё, што трэба ведаць пра вынікі года ў інтэграцыйных перамовах Беларусі і Расеі
2019.12.30 14:02

Аднак існуе і супрацьлеглае меркаванне: Пуціну прасцей змяніць Канстытуцыю РФ або застацца ва ўладзе па «казахстанскім сцэнары» (прызначыць пераемніка, але захаваць ключавыя пасады, якія дазволяць кантраляваць палітычную сітуацыю ў краіне).

У сваім пасланні да Федэральнага сходу 15 студзеня Уладзімір Пуцін прапанаваў змяніць расейскую Канстытуцыю. У прыватнасці, ён прапанаваў абмежаваць у РФ прыярытэт міжнароднага права, павялічыць паўнамоцтвы Дзяржаўнага савету і замацаваць ягоны статус у Канстытуцыі (цяпер Дзяржсавет – гэта дарадчы орган, куды ўваходзяць прэзідэнт, старшыні абодвух палат парламента, губернатары, кіраўнікі думскіх фракцыяў і г. д.), даць Дзярждуме права сцвярджаць урад, а таксама…

«Ведаю таксама, што ў нашым грамадстве абмяркоўваецца канстытуцыйнае палажэнне пра тое, што адна і тая ж асоба не павінна займаць пасаду прэзідэнта Расейскай Федэрацыі больш за два тэрміны запар. Не лічу, што гэтае пытанне прынцыповае, але згодны з гэтым», – адзначыў Пуцін.

Ён прапанаваў вынесці прапанаваныя змены на галасаванне і толькі пасля гэтага прымаць канчатковае рашэнне.

Уладзімір Пуцін падчас паслання да Федэральнага сходу.
Фота: kremlin.ru

«Аб’яднанне з Беларуссю цяпер ужо не патрэбна»

Эксперт аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валер Карбалевіч мяркуе, што ініцыятыва Пуціна па змене Канстытуцыі азначае, што Крэмль больш не разглядае варыянт стварэння паўнавартаснай Саюзнай дзяржавы як механізм захавання сваёй улады.

«Можна меркаваць, што цяпер праект Саюзнай дзяржавы не будзе тым праектам, з дапамогай якога Пуцін будзе працягваць знаходзіцца пры ўладзе ў Расеі. Калі бяруцца за Канстытуцыю, значыць будуць рабіць Канстытуцыю. Аб’яднанне з Беларуссю цяпер ужо не патрэбна. Ціск наконт паглыблення інтэграцыі хоць і будзе працягвацца па інерцыі, але функцыя ўжо будзе іншай. Функцыя будзе ў тым, каб скараціць эканамічную дапамогу Беларусі», – адзначыў ён у размове з belsat.eu.

Карбалевіч падкрэслівае: гэта не значыць, што тэма інтэграцыі і дарожных мапаў закрытая:

«Цікаўнасць да Беларусі змяншаецца з пункту гледжання асабістай палітычнай будучыні Пуціна. Але гэта не значыць, што Расея адмовіцца ад дарожных мапаў».

Аб’ектыў
Пуцін няўмольны: ніякай нафты без поўнай інтэграцыі
2020.01.14 21:58

«Беларусь будзе заставацца ў прыярытэтах Крамля»

Кіраўнік Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі ў каментары belsat.eu адзначыў, што ініцыятыва Пуціна па змене Канстытуцыі не азначае, што цікаўнасць Крамля да паглынання Беларусі зніжаецца.

Сівіцкі канстатуе, што прапановы Пуціна звязаныя з адным варыянтаў захавання ўлады. Раней эксперты казалі пра чатыры магчымых варыянта: стварэнне новага дзяржаўнага фармавання праз інтэграцыю з Беларуссю, прызначэнне пераемніка, стварэнне новага органа кіравання (напрыклад, Дзяржсавету) і выключэнне з Канстытуцыі забароны займаць прэзідэнцкую пасаду цягам больш чым двух тэрмінаў запар. На думку суразмоўцы, тое, што Пуцін падтрымаў ідэю скасаваць абмежавання на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, зусім не азначае, што астатнія варыянты захавання ўлады ўжо не разглядаюцца.

«Я не выключаю такой сітуацыі, што ўсе чатыры сцэнары транзіту ўлады могуць быць рэалізаваныя адначасова», – кажа ён.

Сівіцкі мяркуе, што Крэмль канчаткова вызначыцца наконт сцэнара захавання ўлады (або камбінацыі сцэнароў) толькі пасля 2022 года.

Акрамя таго, эксперт упэўнены, што цікаўнасць Крамля да Беларусі ў любым выпадку не будзе зніжацца.

«Нягледзячы на тое, які сцэнар выберуць у Крамлі, Беларусь усё роўна будзе заставацца ў крамлёўскім парадку дня адным з прыярытэтаў. У Маскве вельмі хвалююцца, што ў сярэднетэрміновай перспектыве (у бліжэйшыя 5-10 гадоў) Расея можа страціць уплыў на Беларусь, таму хочуць прэвентыўна замацаваць свой уплыў, каб пазбегнуць паўтарэння сітуацыі з Украінай», – кажа ён.

На думку Сівіцкага, для Расеі прынцыпова, каб Беларусь не пачала «дрэйфаваць» у бок Захаду. З пункту гледжання расейскіх стратэгаў, такі «дрэйф» можа адбыцца праз інтэнсіўную нармалізацыю стасункаў Беларусі і Захаду, зніжэнне эканамічнай залежнасці ад Расеі і, нарэшце, праз змену беларускіх палітычных элітаў. Незалежна ад сцэнара захавання ўлады Пуцін не хоча гэтага дапусціць, падкрэслівае палітолаг.

Меркаванні
Крэмль бярэ Лукашэнку на змор
2020.01.14 17:07

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў