Прэс-сакратар Лукашэнкі займаецца тэлеграм-каналам «Пул Первого». Доказы «Белсату»


«Белсату» стала вядомая адна з асобаў, якая займаецца ананімным тэлеграм-каналам, блізкім да кіраўніка Беларусі.

Гэта Наталля Эйсмант: здагадваўся шмат хто, але наўпроставых доказаў не было.

Аўтары «Пула Первого» абяцалі паказваць «закуліссе дзяржаўнай кухні, тое, чаго не пакажуць у тэлевізары», а калі канал набярэ тры тысячы падпісантаў – распавесці пра сябе. Цяпер «Пул Первого» мае пяць тысячаў чытачоў, аднак ананімы дасюль не раскрылі сваіх асобаў.

У канале раней за іншыя медыі з’яўляецца інфармацыя, фота і відэа пра паездкі, сустрэчы ды падзеі, звязаныя з Лукашэнкам. «Белсат» здабыў пацверджанні, што дачыненне да інсайдаў пра кіраўніка дзяржавы мае ягоная прэс-сакратарка.

Журналісты «Белсату» параўналі відэа, якое з’явілася ў канале «Пул Первого», са сваім. На кадрах можна пабачыць, што ў камеру нашага аператара трапіла Наталля Эйсмант. Відавочна, яна адзіная, хто мог здымаць гэтае відэа, бо аператар, які стаяў перад ёю, не рухаўся.

Прэс-сакратар здымае на звычайны мабільны.
Вось яшчэ адно пацверджанне. Фота з тэлеграм-каналу.
Здымак экрана з відэа аператара belsat.eu.
Лукашэнка сустракаецца з прэзідэнтам Аўстрыі Александэрам ван дэр Бэленам. Скрын belsat.eu
Відэа і фота зробленыя адначасова з розных ракурсаў. Бачна, што ў куце насупраць журналістаў стаіць прадстаўніца аўстрыйскага прэзідэнта і прэс-сакратар Лукашэнкі з тэлефонам.
У тэкстах тэлеграму шмат эмодзі. Іншыя медыі ўжо звярталі ўвагу, што стыль каналу «Пул Первого» падобны да Instagram Наталлі Эйсмант.

Мы не сцвярджаем, што кантэнтам і напаўненнем каналу займаецца толькі Наталля Эйсмант. Відэа ў канале зробленае прафесійна, на некалькі камераў і мантаванае. Яго выкарыстоўваюць рэдакцыі БелТА і БТ, як і цытаты з тэлеграм-каналу.
Стужка навінаў