ПЦ «Вясна» патрабуе спыніць крымінальны пераслед Піліпа Шаўрова


Праваабарончы цэнтр «Вясна»патрабуе вызваліць з-пад варты актывіста «Маладога фронту» Піліпа Шаўрова і спыніць крымінальны пераслед. Адпаведная заява апублікаваная на сайце spring96.org.

У студзені 2020 года актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў нанёс фарбай невялікую адносна памеру помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітны складнік помніка загінулым працаўнікам МУС, а таксама пафарбаваў у чырвоны колер рукі помніка А. Пушкіну. Акрамя таго ён нанёс надпіс «1937» на плот помпавай станцыі на ўскраіне Менска. Маладафронтавец быў затрыманы 19 студзеня пасля таго, як сам прыйшоў у міліцыю, каб распавесці, што гэта менавіта ён расфарбаваў рукі помніка Пушкіну.

Hавiны
Старшыня «Маладога фронту»: Піліп Шаўроў выказаў «мастацкі пратэст», размаляваўшы помнік Пушкіну
2020.01.20 12:45

Шаўрову высунулі абвінавачванне паводле трох ч. 1 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства»). Справу накіравалі ў суд. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

Праваабаронцы прааналізавалі справу Шаўрова і прыйшлі да высновы, што падставаў для крымінальнага пераследу актывіста няма. У ПЦ «Вясна» падкрэсліваюць, што дзеянні Шаўрова насілі выключна мірны характар і мелі матывам выказванне меркавання, якое падпадае пад абарону Міжнародного Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

«Дзеянні П. Шаўрова ў сукупнасці з мэтамі і матывам іх здзяйснення пад вызначэнне хуліганства не падпадаюць», – лічаць праваабаронцы.

Hавiны
Шкоду ад размаляваных рук Пушкіна ацанілі ў 63 рублі
2020.03.07 09:43

Праваабаронцы ўпэўненыя, што ўжыванне да Шаўрова меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту з улікам абставінаў справы і паводзінаў абвінавачанага з’яўляецца неабгрунтаваным.

«Такая мера зʼяўляецца празмернай і можа расцэньвацца толькі як спосаб аказаць ціск на абвінавачанага з помсты за рэалізацыю ім агульнапрызнаных грамадзянскіх правоў і ў сувязі з прыналежнасцю Шаўрова да апазіцыйнай моладзевай арганізацыі «Малады Фронт», сябры якой рэгулярна пераследуюцца ўладамі Беларусі. У гэтым сэнсе пазбаўленне волі П. Шаўрова зʼяўляецца адвольным, што дае права патрабаваць яго неадкладнага вызвалення», – гаворыцца ў заяве ПЦ «Вясна».

Праваабаронцы патрабуюць спынення крымінальнага пераследу Шаўрова па артыкуле 339 КК з адменай меры стрымання і вызвалення яго з-пад варты.

Hавiны
«Сумняюся, што ён сам прыйшоў у міліцыю», – жонка Піліпа Шаўрова, арыштаванага на 2 месяцы
2020.01.24 13:08

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў