Псіхолаг Раман Дарашэнка: людзі прымаюць рашэнні, не чакаючы дырэктываў


Як пазбавіцца ад празмернай трывожнасці і на якія пазітыўныя змены звярнуць увагу? Кандыдат медычных навук, дацэнт, псіхолаг Раман Дарашэнка кажа, што свет пасля эпідэміі зменіцца да лепшага і тлумачыць, чаму.

Псіхолаг Раман Дарашэнка. Фота «Белсат»

Раман, у сацыяльных сетках вы даеце шмат парадаў, як паводзіць сябе падчас пандэміі каронавіруса. Нашто вы гэта робіце?

Я бачу сваю задачу ў тым, каб дапамагаць людзям знайсці сябе ў гэты няпросты крызісны час. Трэба навучыць людзей базавым прыёмам абароны фізічнага і псіхалагічнага здароўя.

Вы псіхолаг-практык і бачыце змены ў псіхаэмацыйным стане людзей? Як яны змяніліся?

Я тут арыентуюся на ўласныя назіранні, на высновы маіх калег і аналізую тое, што робіцца ў сацсетках. Мы бачым тыя рэакцыі, якія адлюстроўваюць нашае ўспрыняцце крызісу і гэта нармальна, натуральна. Я не пабаяўся слова «крызіс», бо ён насамрэч існуе.

Што вы разумееце пад словам крызіс?

  • Па-першае, мы бачым, што сітуацыя развіваецца настолькі хутка, што многія апынуліся да яе не гатовыя. Ранейшыя спосабы ўзаемадзеяння з рэчаіснасцю і зносінаў паміж людзьмі – ламаюцца. Мы бачым як у некаторых людзей абрынуўся бізнес, у кагосьці дабрабыт пад пагрозаю. Нават бюджэтнікі адчуваюць сябе няўтульна.
  • Другая прыкмета крызісу – наяўнасць рэальнай небяспекі. Людзі рэагуюць на крызісную сітуацыю з трывогаю. Яна часцей узнікае з-за недахопу інфармацыі, калі нам нешта незразумела ці мы чагосьці не ведаем. Мы на гэта рэагуем часта трывогай. Некаторыя ж абіраюць адмаўленне – кажуць, што навокал нічога надзвычайнага не адбываецца, а ўся небяспека ў нашых галовах. Гэтая рэакцыя – адзін з відаў псіхалагічнай абароны ў крытычнай сітуацыі.
  • І нарэшце, трэція – пачынаюць панікаваць. Як кажа псіхатэрапеўт Рубэн Магілеўскі: «Паніка – гэта калі чалавек уцякае ад жаху, а не ад небяспекі». На шчасце, большасць не ўцякае, а змагаецца з небяспекай, якая існуе. І гэта адэкватная рэакцыя.
Крама ля вакзалу ў Асіповічах. Фота «Белсат»

Што яшчэ змянілася ў нашым жыцці з надыходам крызісу, аб якім вы кажаце?

Змяніліся звыклыя формы нашага ўзаемадзеяння са светам. Вось мы з вамі сустрэліся і апранулі маскі, такога мы пэўны час таму нават уявіць не маглі. Людзі прывыклі пры сустрэчы абдымацца, цалавацца, а цяпер ім даводзіцца ад гэтага ўстрымлівацца. Іншаю зрабілася і мадэль паводзінаў. Калі раней нехта мог прыйсці дадому і легчы адпачыць, не змяняючы вопраткі, то цяпер гэта лічыцца неразумным, бо адзенне трэба дэзынфікаваць. Падаецца драбяза, але з дробязяў складаецца наша жыццё.

Ці бачыце вы панічныя настроі?

Паніка характарызуюцца дастаткова бязладнымі дзеяннямі. Я ж бачу, што людзі спрабуюць рабіць нешта асэнсавана. Някепска, калі чалавек пачне часцей мыць рукі, набудзе сабе пальчаткі і маску. Гэта не паніка, а самазахаваўчы інстынкт. Лепш мець сродкі абароны, бо яны дапамагаюць людзям супакойвацца, пачувацца бяспечней.

За геаграфіяй каронавірусу і колькасцю хворых можна сачыць у рэжыме рэальнага часу. Людзі глядзяць на лічбы, не параўноўваючы нават з колькасцю насельніцтва ў краіне. Лічаць гэтыя тысячы…

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: pixabay.com

Трыманне сябе ў стане хранічнага стрэсу, у стане трывожнага чакання, не дадае ні прафіту, ні якасці жыцця, ні імунітэту. Інфармацыя аднак патрэбная, бо трывожнасць і паніка ўзнікаюць ад недахопу інфармацыі.

А ад празмернасці?

Ну так, з другога боку можна і аб’есціся інфармацыяй. Я вам адкрыю невялікі сакрэт – некаторыя мае калегі лекары сабралі столькі інфармацыі, што ўжо не ведаюць, нашто яна патрэбная. Таму варта шукаць інфармацыю асэнсавана. Напрыклад, калі чалавек працуе страхавым агентам, навошта яму кожныя 5 хвілін спраўджваць новае ў метадах лекавання гэтай інфекцыі? У ягонае жыццё гэтая інфармацыя нічога не ўнясе. Някепска, калі чалавек раз на дзень зайшоў на старонку, зарыентаваўся на тым, якія змены ў сітуацыі і вярнуўся да сваіх справаў.

Скрыншот са старонкі gisanddata.maps.arcgis.com

Калі я бачу на Фэйсбуку допіс пра колькасць памерлых за дзень ці тыдзень у любой краіне, націскаю «не сачыць» за навінамі ад гэтага чалавека.

Мы змагаемся з трывогай па рознаму. Тая асоба посціць звесткі, каб паразмаўляць пра праблему. Чалавек трывожыцца ці баіцца. З іншага боку – важна ведаць хуткасць распаўсюду інфекцыі, каб разумець, што гэта не жарты і трэба лішні раз падумаць, як засцерагчы сябе і сваякоў, як сябе паводзіць у грамадстве.

Як змагацца з трывожнасцю, калі яна ўжо ўзнікла?

Выконваць рытуалы: простыя дзеянні, якія не патрабуюць шмат сілаў і якія мы паўтараем. Яны дапамагаюць нам зазямліцца, зачапіцца за тую рэчаіснасць, якая зараз для шэрагу з нас змянілася. Рэчаіснасць змянілася настолькі, што ў многіх узнікае адчуванне, што свет абрынуўся. Вельмі папулярны выказ зараз: «Свет ужо не будзе ранейшым». У пэўным сэнсе гэта так, бо крызіс разбурае бягучую рэчаіснасць, але ў той жа момант расчышчае месца для іншай рэчаіснасці. Простыя рытуалы – паліць кветкі, зрабіць макіяж, прыгатаваць новую ежу, фізічныя практыкаванні. Можна і ствараць новыя рытуалы, напрыклад, каб сям’я ўвечары вячэрала разам.

У вайну перад бітваю салдаты ведалі, што магчыма загінуць, але прыводзілі форму ў парадак, прышывалі белыя каўнерыкі. Ёсць нават такі рытуал «белага падкаўнерыка». Менавіта гэтае, на першы погляд бессэнсоўнае дзеянне, дазваляла захаваць розум, захаваць сябе, сабраць рэчаіснасць, якая руйнуецца навокал і настроіцца на жыццё пасля бітвы.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: pixabay.com

Які пазітыў можа ўнесці ў будучыню цяперашняя крызісная сітуацыя?

Ужо мы назіраем пераацэнку каштоўнасцяў. Людзі выказваюць любоў да блізкіх, пачынаюць цаніць тое, пра што забываемся ў шчасныя часы. Людзі больш смела выказваюцца, прымаюць уласныя рашэнні і праяўляюць ініцыятыву, не чакаючы на загады і дырэктывы.

Адно сямейныя пары ў каранціне перажываюць крызіс адносінаў, сварацца часцей, нават да разводаў даходзіць.

Партнёры даведваюцца праўду пра стан сваіх стасункаў, што таксама дарагога каштуе. Можа і добра, калі людзі развядуцца і знойдуць сабе іншых партнёраў.

У маім жыцці былі сур’ёзныя крызісныя выпрабаванні. Але калі час адкруціць назад, я бы не стаў адмаўляцца ад тых стратаў. Бо ў выніку я набыў рэчы, каштоўнасць якіх значна большая, чымся была ў тых згубленых. Таму гэта нагода зірнуць на сябе і на свае сапраўдныя каштоўнасці. Крызіс гэта смерч, але ён і расчышчае пляцоўку для будучага жыцця.

Hавiны
«Каранцін – магчымасць разабрацца ў сабе». Парады псіхолагаў на час самаізаляцыі
2020.03.25 12:59

ЛШ belsat.eu

Стужка навінаў